24 красавіка, Слуцк /Кар. БЕЛТА/. Большая частка інфраструктуры ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" павінна быць пабудавана да канца 2015 года. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Будаўніцтва інфраструктуры ў "Вялікім камені" вядзецца з гэтага года. Пачалі ўжо рабіць дарогі, падводзяцца інжынерныя сеткі. Таксама пабудаваны гарадок, дзе жывуць спецыялісты, задзейнічаныя на аб'екце, у тым ліку з Кітая", - расказаў Сямён Шапіра. Старшыня Мінаблвыканкама растлумачыў, што будаўніцтвам аб'екта будуць займацца як кітайскія, так і беларускія арганізацыі. Напрыклад, на пляцоўцы пачаў працаваць будаўнічы трэст нумар 3 горада Салігорска.
Што датычыцца новых рэзідэнтаў парка, то цяпер вядуцца перагаворы з некалькімі кампаніямі. "Для беларуска-кітайскіх адносін будаўніцтва "Вялікага каменя" з'яўляецца важным праектам. Мяркуючы па тых работах, якія цяпер вядуцца, у парку будзе на што паглядзець", - лічыць Сямён Шапіра.
Кіраўнік рэгіёна нагадаў, што ў бліжэйшы час кіраўнік Кітая плануе наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. Кітайская дэлегацыя прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і эканамічным форуме. Не выключана, што госці могуць наведаць і пляцоўку будуемага індустрыяльнага парка. Таксама ў час візіту можа быць абмеркавана магчымасць прадастаўлення Беларусі крэдытных сродкаў.
Кітайска-беларускі індустрыяльны парк уяўляе сабой тэрытарыяльнае ўтварэнне з асаблівым прававым рэжымам для забеспячэння камфортных умоў вядзення бізнесу. Канцэпцыя парка прадугледжвае стварэнне зручнай інфраструктуры для развіцця бізнесу, істотнае падатковае паслабленне для ўдзельнікаў праекта на даволі працяглы перыяд, а таксама забеспячэнне комплекснага абслугоўвання рэзідэнтаў парка. Сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці - развіццё тонкай хіміі, біямедыцыны, электроннай прамысловасці, машынабудавання.
Парк размешчаны на тэрыторыі Смалявіцкага раёна за 25 км ад Мінска ў непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта, чыгуначных шляхоў, транснацыянальнай аўтамабільнай магістралі Берлін-Масква. На тэрыторыі парка плануецца размясціць вытворчыя і жылыя зоны, офісныя і гандлёва-забаўляльныя комплексы, фінансавы і навукова-даследчы цэнтры.