10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі Міністэрства лясной гаспадаркі ў 2020 годзе плануюць стварыць не менш як 32 335 га лясных культур, асноўная частка работ пройдзе ў вясенні перыяд. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.
Лясгасы пачалі пасадку лесу, створана ўжо 5 тыс. га лясных культур. "З-за змянення тэмпературных рэжымаў і адсутнасці марознай зімы лесакультурны сезон пачаўся незвычайна рана. Усяго ў бягучым годзе лесагаспадарчыя ўстановы плануюць стварыць не менш як 32 335 га лясных культур. Асноўная частка работ будзе выканана ў вясенні перыяд", - адзначылі ў прэс-службе.
Паводле аператыўных даных, лясгасы ўжо стварылі больш за 15 працэнтаў лясных культур ад запланаванага аб'ёму. Найбольшую колькасць лесу (3506 га) заклалі гомельскія лесаводы. Асаблівы акцэнт пры пасадцы культур робіцца на аднаўленні ўчасткаў усохлых насаджэнняў, а таксама гарэльнікаў.
Сёння Беларусь уваходзіць у дзясятку самых лясных краін Еўропы. Узровень лясістасці з 1945 года дасягнуў максімальнага значэння і складае 39,9 працэнта. Штогод беларускія лесаводы высаджваюць не менш як 30 тыс. га лесу. "Пры гэтым акцэнт робіцца на стварэнні змешаных лясных культур (дзве і больш драўняныя пароды). Гэта павышае ўстойлівасць будучых лясоў да розных біялагічных і кліматычных фактараў", - растлумачылі ў прэс-службе ведамства. У 2019 годзе лесаводы правялі лесааднаўленне і лесаразвядзенне на агульнай плошчы 51,8 тыс. га, у тым ліку за кошт пасеву і пасадкі лесу было закладзена 43,8 тыс. га новых лясоў.