9 лютага, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Больш як 70 прадпрыемстваў Беларусі прадстаўляюць прадукцыю на XXIII Міжнароднай выстаўцы прадуктаў харчавання, напіткаў і сыравіны для іх вытворчасці "Прадэкспа-2016", якая з 8 па 12 лютага праходзіць у выставачным комплексе "Экспацэнтр", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе пасольства Беларусі ў Расіі.
Беларуская харчовая прамысловасць прадстаўлена мяса-малочнай, хлебабулачнай, кандытарскай і лікёра-гарэлачнай галінамі. Удзельнікамі выстаўкі, у прыватнасці, сталі СП ААТ "Спартак", ААТ "Бабуліна крынка", "Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат", "Кандытарская фабрыка "Слодыч", "Брэсцкі мясакамбінат", "Віцебскі мясакамбінат", "Бабруйскі мясакамбінат", "Бярозаўскі мясакансервавы камбінат", "Мінскі камбінат хлебапрадуктаў", "Мінск Крышталь", "Мінскі завод безалкагольных напіткаў", "Лідскае піва", "Крыніца".
Беларускую дэлегацыю на выстаўцы ўзначалілі начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў і начальнік галоўнага ўпраўлення харчавання гэтага ж міністэрства Аляксандр Шчарбянок.
Выстаўка "Прадэкспа" прызначана для спецыялістаў. Беларускі ўдзел у ёй нацэлены на заключэнне доўгатэрміновых кантрактаў па пастаўках прадуктаў харчавання на расійскі рынак.
"Прадэкспа" з'яўляецца самай аўтарытэтнай штогадовай падзеяй у сферы прадуктаў харчавання і напіткаў ва Усходняй Еўропе і на працягу многіх гадоў вызначае вектар развіцця харчовай індустрыі. У 2016 годзе на выстаўцы, якая арганізавана "Экспацэнтрам" пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ і праходзіць пад патранатам Гандлёва-прамысловай палаты РФ, прадукцыю дэманструюць каля 2 тыс. кампаній з 64 краін свету.