18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 20 па 23 мая ў Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" пройдзе XVI міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Лесдрэўтэх-2015", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Удзел у выстаўцы прымуць больш як 50 арганізацый і кампаній, якія спецыялізуюцца на вырошчванні і нарыхтоўцы лесу, зборы і перапрацоўцы драўняных адходаў, вытворчасці і пастаўцы абсталявання і тэхнікі для прадпрыемстваў ляснога комплексу.
Плануецца, што выстаўку наведаюць афіцыйныя дэлегацыі на чале з кіраўнікамі лясных ведамстваў Расіі, прадстаўнікі навукова-даследчых інстытутаў, якія займаюцца пытаннямі лясной гаспадаркі, і розных лясных кампаній з Эстоніі, Літвы, Латвіі і іншых краін.
У ходзе дзелавой праграмы выстаўкі 21 мая з 10.00 да 14.00 пройдзе міжнародная канферэнцыя "Інвестыцыі і інавацыі ў лясную галіну Беларусі". На парадку дня пытанні палітыкі і стратэгіі развіцця ляснога сектара, трансгранічнае супрацоўніцтва ў СГА, МС, ЕАЭС. Размова таксама будзе ісці аб сучасных тэхналогіях лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, перапрацоўцы лясных адходаў і вытворчасці біяэнергіі. Прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі і Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі зробяць даклады па аналізе інвестыцыйнай прывабнасці. Вопытам рэгіянальнага супрацоўніцтва і прыцягнення інвестыцый у лясны сектар падзеляцца замежныя спецыялісты. У гэты ж дзень у 11.00 пачнецца конкурс "Лепшы аператар гідраманіпулятара-2015". З 14.00 гледачы змогуць пабалець за ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу і машыністаў-аператараў форвардараў на відовішчных "Цімбер-шоу" і "Форвардар-шоу".
На выстаўцы будуць прадстаўлены тэхналогіі і абсталяванне для лесапасадак, абсталяванне і інструменты для лесанарыхтовак, лесанарыхтоўчая і транспарціровачная тэхніка, дарожна-будаўнічая тэхніка, спецінструмент, адзенне, экіпіроўка для работнікаў лясной гаспадаркі, абсталяванне для драўнянага гранулявання, вытворчасці паліўных брыкетаў, пелет, катлы, газагенератары, цеплагенератары, сістэмы ацяплення, энергакомплексы, станкі і інструменты для першаснай і паглыбленай апрацоўкі драўніны, сушыльнае абсталяванне.
Таксама будзе арганізаваны кірмаш-продаж лясной прадукцыі. На сваіх пляцоўках арганізацыі-экспаненты прадэманструюць зрубы дамоў, лазняў, розныя альтанкі, садовую мэблю і дэкаратыўныя агароджы з драўніны. У шырокім асартыменце будуць прадстаўлены дэкаратыўны пасадачны матэрыял, тавары народнага спажывання з драўніны.