Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

14 Ліс 2016

Больш як 50 беларускіх кампаній прадэманструюць прадукцыю на выстаўцы ў Нью-Дэлі 14-27 лістапада

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 50 беларускіх кампаній прадэманструюць сваю прадукцыю на выстаўцы ў Нью-Дэлі 14-27 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Індыі.

"Вядучыя беларускія прадпрыемствы прымуць удзел у нацыянальнай экспазіцыі Беларусі ў рамках 36-га Індыйскага міжнароднага гандлёвага кірмашу, які праходзіць з 14 па 27 лістапада ў Нью-Дэлі. У выставачным комплексе "Прагаці Майдан" больш як 50 беларускіх кампаній прадэманструюць свае дасягненні ў машынабудаванні, нафтахіміі, лёгкай і харчовай прамысловасці, ахове здароўя, навуцы і адукацыі", - расказалі ў пасольстве.

Наведвальнікі нацыянальнай экспазіцыі змогуць азнаёміцца з прадукцыяй кампаній-флагманаў у сферы сельскагаспадарчага і аўтамабільнага машынабудавання, сярод якіх БелАЗ, МАЗ, "Амкадор", "Мінскі падшыпнікавы завод". Канцэрн "Белнафтахім" прадстаўляе прадукцыю падведамных кампаній: "СветлагорскХімвалакно" (поліэфірная прадукцыя, угнаенні і ўпаковачныя матэрыялы) і "Магілёўхімвалакно" (поліэфірныя валокны, сінтэтычныя харчовыя плёнкі, ПЭТ-прэформы).

Калектыўная экспазіцыя Міністэрства аховы здароўя ўключае стэнды буйнейшых фармацэўтычных кампаній Беларусі, вядучых лячэбных цэнтраў па аказанні кардыялагічнай і кардыяхірургічнай дапамогі, а таксама навучальных цэнтраў медыцынскай адукацыі. Можна азнаёміцца з асноўнымі экспартна арыентаванымі паслугамі па такіх напрамках, як транспланталогія, радыялогія, кардыялогія, артапедыя, пластычная хірургія, рэпрадуктыўнае здароўе, рэабілітацыя.

На калектыўным стэндзе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі прадстаўлены навукова-тэхнічныя распрацоўкі арганізацый Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук. У прыватнасці, палімерныя матэрыялы для 3D прынтараў, аптычныя сістэмы, медыцынскія імплантанты і інструменты для траўматалогіі і астэасінтэзу, фільтры-пасткі для ўлоўлівання тромбаў.

Навінкай для індыйскіх спажыўцоў стане прадукцыя падведамных прадпрыемстваў канцэрна "Белдзяржхарчпрам": беларускі зефір, пасціла, мармелад і халва "Чырвонага харчавіка" і "Чырвонага Мазыраніна", шакалад, цукеркі, пячэнне і іншая прадукцыя "Камунаркі", "Спартака", "Слодыча".

"Лідахарчканцэнтраты" прадстаўляе шырокі асартымент харчовых канцэнтратаў, сярод якіх - сухія сняданкі, супы хуткага прыгатавання, кісялі і жэле, аўсяныя, ячменныя і пшанічныя шматкі, кукурузныя палачкі. Ваўкавыскае ААТ "Беллакт" прапануе высакаякасныя сухія малочныя сумесі для дзіцячага харчавання.

Вядучыя беларускія прадпрыемствы лёгкай прамысловасці прэзентуюць сваю прадукцыю: шарсцяныя і паўшарсцяныя тканіны касцюмнага і плаццевага прызначэння, хатні і інтэр'ерны тэкстыль. Навінкай для індыйскіх спажыўцоў стане дэманстрацыя беларускіх ільняных тканін і вырабаў з лёну.

У час дзелавой праграмы нацыянальнай экспазіцыі плануецца прэзентацыя прадпрыемстваў-удзельнікаў і іх прадукцыі, а таксама правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы і В2В перагавораў. Акрамя таго, Беларуская гандлёва-прамысловая палата сумесна з Федэрацыяй гандлёва-прамысловых палат Індыі пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Індыі прапрацоўвае пытанне правядзення 10-га пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва "Беларусь-Індыя".

Адносіны паміж Беларуссю і Індыяй маюць стратэгічны характар. Аб'ём беларуска-індыйскага гандлю ў 2015 годзе склаў $445,5 млн. Асноўныя артыкулы экспарту: калійныя і азотныя ўгнаенні, полікарбонавыя кіслоты, жгут сінтэтычных ніцей, поліаміды, шкура БРЖ, электронныя інтэгральныя схемы, шкловалакно, падшыпнікі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі