Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

12 Врс 2018

Больш як 150 беларускіх прадпрыемстваў прыме ўдзел у выстаўцы ў Ташкенце

12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 150 беларускіх прадпрыемстваў прымуць удзел у маштабнай выстаўцы беларускіх вытворцаў Made in Belarus, якая пройдзе 14-19 верасня ў Ташкенце (Узбекістан), паведамілі БЕЛТА ў выставачным унітарным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Наведвальнікам прадэманструюць шэраг тэматычных экспазіцый. Вялікія прамысловыя прадпрыемствы Беларусі пакажуць узоры сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі, інавацыйныя электробусы, горныя камбайны, распрацоўкі для абароннага комплексу. На выстаўцы будуць прадстаўлены кар'ерныя самазвалы "БелАЗ", інавацыйныя мадэлі трактароў BELARUS ад МТЗ, збожжаўборачныя камбайны, тэхніка для ўборкі бавоўны і комплексы для нарыхтоўкі кармоў у экстрэмальных умовах ад "Гомсельмаша". Касілкі для скошвання прыродных і сеяных траў, прэс-падборшчыкі для валкоў сена і саломы, а таксама кормараздатчыкі з электроннай сістэмай кантролю колькасці загружаных сумесей прапануе "Бабруйскаграмаш". "Амкадор" прэзентуе мадэлі ўніверсальных пагрузчыкаў, а МАЗ - аўтакран для пагрузачна-разгрузачных і будаўніча-мантажных работ, самазвальны аўтапоезд для перавозкі сыпкіх грузаў і пасажырскі нізкападлогавы аўтобус. Электробус мадэлі Е433 Vitovt Max Electro, што аб'ядноўвае ў сабе перавагі тралейбуса і аўтобуса, прадэманструе "Белкамунмаш". Інавацыйны транспарт бясшумны, здольны пераадольваць без падзарадкі да 15 км, аснашчаны сістэмамі відэаназірання, GPS-навігацыі і клімат-кантролю.

Экспазіцыя прадставіць шырокі асартымент камплектуючых, дэталей і тэхналагічнага абсталявання для розных галін прамысловасці. "Магілёўліфтмаш" прадэманструе кабіну пасажырскага ліфта палепшанай аддзелкі, мікрапрацэсарныя станцыі кіравання ліфтамі. Беларускія вытворцы гатовы прапанаваць узбекскім спажыўцам і сучасную бытавую тэхніку для дома і офіса.

Тэхніку спецыяльнага прызначэння прадставяць прадпрыемствы ваенна-прамысловага сектара. Разведвальна-агнявы модуль прадэманструе ААТ "АГАТ-сістэмы кіравання". У склад модуля на базе браніраванага аўтамабіля ўключаны беспілотны авіяцыйны і наземны рабатызаваны комплексы. Таксама ў экспазіцыі будуць прадстаўлены рухомая радыёрэлейная станцыя, пераносны комплекс кіравання агнём артылерыі і дарожны кантралёр БДКЛ-2 для кіравання святлафорнай сігналізацыяй.

Прадпрыемствы канцэрна "Белнафтахім" прадэманструюць узоры нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі, якая экспартуецца больш як у 100 краін. Вядомыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці Беларусі пакажуць модныя калекцыі штодзённага, дзелавога і спартыўнага адзення, дамашні тэкстыль, натуральны скураны абутак і спецэкіпіроўку.

"Беларуская лясная кампанія" прадставіць ізаляцыйныя драўнянавалакністыя пліты, "Бярозабудматэрыялы" - асартымент керамічнай пліткі, "Рэчыцадрэў" - наборы корпуснай мэблі для дома і офіса. Прадукцыю са шкла і хрусталю прэзентуе шклозавод "Нёман".

На выстаўцы таксама будуць шырока прадстаўлены беларускія прадукты харчавання: сыры, сметанковае масла, малочныя сумесі для дзяцей, тварожныя пасты, далікатэсы з ялавічыны, свініны і мяса птушкі, рыбныя кансервы і прэсервы, агароднінныя марынады, зефір, шакалад і цукеркі ручной работы, віны і моцныя алкагольныя напіткі.

Будуць прэзентаваны больш як 100 навукова-тэхнічных распрацовак ад арганізацый Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. БДУ прадставіць серыю ветэрынарных біяпрэпаратаў, арыгінальныя беларускія прэпараты для лячэння злаякасных пухлін. Ультрагукавыя тэхналогіі і абсталяванне медыцынскага прызначэння для кардыялогіі, анкалогіі і стаматалогіі прапануе навукова-тэхналагічны парк БНТУ "Політэхнік". Інтэлектуальныя біямедыцынскія сістэмы прадставіць Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Таксама пакажуць свае распрацоўкі БДУІР, НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН.

Вядучыя класічныя і профільныя ўніверсітэты Беларусі - БДУ, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, БДУІР і іншыя - прапануюць адукацыйныя праграмы для замежных студэнтаў: вочнае і завочнае навучанне, курсы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, семінары і трэнінгі.

Навінкі беларускага кнігавыдання прадставяць вялікія выдавецтвы краіны - "Мастацкая літаратура", "Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", "Народная асвета", "Вышэйшая школа" і іншыя. На выстаўцы ў Ташкенце пройдзе прэзентацыя дапоўненага выдання "Францыск Скарына на мовах народаў свету" з перакладам прадмовы да кнігі "Юдзіф" на ўзбекскую мову.

Шырокі асартымент лекавых сродкаў, вітамінных комплексаў і біялагічна актыўных дабавак да ежы прадставяць падведамныя прадпрыемствы Міністэрства аховы здароўя і холдынг "Белфармпрам". Гэта проціпухлінныя прэпараты новага пакалення, сродкі для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў і апорна-рухальнага апарату, процімікробныя і процівірусныя прэпараты.

На выстаўцы ў Ташкенце будуць прэзентаваны магчымасці адпачынку і аздараўлення ў Беларусі: санаторна-курортны адпачынак, туры па прыродных выдатных мясцінах Беларусі. Нацыянальнае агенцтва па турызме прапануе экскурсійныя туры па гістарычных славутасцях Беларусі, а таксама прэзентуе маючыя адбыцца вялікія спартыўныя падзеі міжнароднага ўзроўню - II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе і чэмпіянат свету па хакеі ў 2021-м.

Выстаўку арганізуе Беларуская гандлёва-прамысловая палата пры падтрымцы Міністэрства знешняга гандлю Узбекістана, дзяржаўных органаў, пасольстваў і бізнес-асацыяцый дзвюх краін. Выставачным аператарам выступае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі