1 кастрычніка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Больш як 1,2 тыс. чалавек з больш чым 80 краін зарэгістраваліся для ўдзелу ў Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі, якая пройдзе з 5 па 16 кастрычніка ў Мінску. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы задаволены тым, як ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў. Сёння зарэгістраваліся больш як 1,2 тыс. чалавек, звыш 80 краін заявілі свой удзел у мерапрыемстве. Вялікі інтарэс праяўлены да тых мерапрыемстваў, якія па прапанове беларускага боку мы хацелі б правесці для краін СНД. Прычым гэтыя мерапрыемствы выйшлі за межы краін СДН, у іх выказалі жаданне прыняць удзел многія дзяржавы, таму што для іншых рэгіёнаў планеты важна, што робіцца на нашай тэрыторыі", - адзначыў Віктар Назаранка. Ён нагадаў, што ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза цяпер фарміруецца адзіная сістэма тэхнічнага рэгулявання.
Віктар Назаранка падкрэсліў, што вельмі важны ўдзел у Генасамблеі МЭК айчынных экспертаў. Паводле яго слоў, вялікі інтарэс да мерапрыемстваў выказалі супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук, яны будуць прымаць удзел не толькі ў пасяджэннях і семінарах, але і рабоце тэхнічных камітэтаў.
Таксама старшыня Дзяржстандарту адзначыў, што апошнім часам інтарэс да стандартызацыі як да напрамку дзейнасці адраджаецца практычна ва ўсіх рэгіёнах планеты. "Было на нейкі час зацішша, але цяпер усе разумеюць: не выйшаўшы на адзіныя патрабаванні, не ведаючы аб сумяшчальнасці і ўзаемазамяняльнасці тавараў і таго, чаму прадукцыя павінна адпавядаць пры пастаўцы ў іншыя рэгіёны, вельмі праблемна развіваць міжнародны гандаль", - растлумачыў ён. Віктар Назаранка выказаў надзею, што правядзенне Генеральнай асамблеі МЭК у Мінску дасць магутны штуршок развіццю стандартызацыі ў Беларусі.
79-я Генеральная асамблея Міжнароднай электратэхнічнай камісіі пройдзе ў Мінску з 5 па 16 кастрычніка і стане маштабным форумам не толькі для эканамічнага і навукова-тэхнічнага жыцця рэспублікі, але і ўсяго свету. Гэта так званая тэхнічная Алімпіяда, на якую збіраюцца прадстаўнікі буйных сусветных кампаній-вытворцаў: ад інжынераў і менеджараў сярэдняга ўзроўню да вышэйшага кіраўніцтва, высокапастаўленыя супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Генеральныя асамблеі праводзяцца ў статусных краінах з развітой высокатэхналагічнай прамысловасцю, а таксама ў перспектыўных, на думку МЭК, рэгіёнах. У дзейнасці МЭК прымаюць удзел 166 краін, у тым ліку Беларусь.