23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 100 кампаній прадставяць экспазіцыі на міжнароднай выстаўцы
Expo-Russia Belarus - 2015, якая ўпершыню пройдзе ў Мінску з 24 па 26 лістапада. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня аргкамітэта Expo-Russia Belarus - 2015 Давід Вартанаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Непасрэдна ў нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" свае экспазіцыі прадставяць больш як 100 беларускіх і расійскіх кампаній. Аднак фактычна ўдзельнікаў будзе больш - прадстаўнікі многіх кампаній зарэгістраваліся ў якасці ўдзельнікаў круглых сталоў і біржы дзелавых кантактаў. Так, у час выстаўкі намечана каля 400 бізнес-сустрэч паміж прадстаўнікамі кампаній дзвюх краін", - расказаў Давід Вартанаў.
Тэматыка выстаўкі - машынабудаванне і аўтамабільная прамысловасць, металургія, энергетыка, у тым ліку атамная, хімічная прамысловасць, транспарт, будаўніцтва, авіяцыя і касманаўтыка, тэлекамунікацыя і сувязь, медыцына і фармацэўтыка, аграпрамысловы комплекс, адукацыя, інвестыцыйныя праекты і інш. Дзелавая праграма выстаўкі ўключае канферэнцыю аб перспектывах пашырэння эканамічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва Расіі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і ЕАЭС, тэматычныя круглыя сталы, біржу кантактаў.
Expo-Russia Belarus
адбудзецца ў Мінску ўпершыню. Раней арганізатар гэтага мерапрыемства кампанія "Замеж-Экспа" праводзіла аналагічныя прамысловыя выстаўкі ў іншых краінах, у тым ліку Сербіі, Казахстане, Арменіі, Іарданіі. "Паводле вопыту правядзення гэтых мерапрыемстваў можна сказаць, што пасля такіх выставак лагічна чакаць павелічэння тавараабароту паміж краінамі. Прамысловыя форумы становяцца добрымі пляцоўкамі для наладжвання ўзаемадзеяння, таму што акрамя наведвання экспазіцыі мы інфармуем аб заканадаўстве, магчымасцях вядзення бізнесу ў пэўнай краіне і іншых пытаннях, з якімі могуць сутыкнуцца бізнесмены", - растлумачыў Давід Вартанаў.Арганізатар выстаўкі - ААТ "Замеж-Экспа". Суарганізатар выстаўкі з расійскага боку - Міжнародная асацыяцыя фондаў міру, з беларускага боку - нацыянальны выставачны цэнтр "БелЭкспа". Падтрымку аказваюць Савет Федэрацыі, Дзяржаўная дума, МЗС Расіі, Мінэканамразвіцця, Мінпрамгандаль, Мінэнерга, Міністэрства аховы здароўя, Рассупрацоўніцтва, пасольства Расіі ў Беларусі, Нацыянальны сход Беларусі, міністэрствы Беларусі, Вышэйшы дзяржаўны савет і іншыя рабочыя органы Саюзнай дзяржавы, Выканаўчы камітэт СНД, Эканамічны савет СНД, ЕЭК, Расійска-беларускі дзелавы савет.
Мэта мерапрыемства - умацаванне эканамічных, гуманітарных, сацыяльна-культурных і палітычных сувязей паміж народамі Расіі і Беларусі.