27 студзеня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Аб'ём экспарту Беларускага металургічнага завода ў 2014 годзе склаў больш як 2 млн т металапрадукцыі і вырас у грашовым выражэнні на 5,6 працэнта. Пры гэтым павялічылася доля паставак у Германію і ЗША - з 7,4 працэнта да 11,7 працэнта і з 5,6 працэнта да 7,1 працэнта адпаведна, што дало магчымасць ім увайсці ў топ-5 спажыўцоў прадукцыі БМЗ нараўне з Расіяй, Польшчай і Літвой, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БМЗ Аляксандр Алесік.
Паспяховаму пашырэнню прадукцыі Беларускага металургічнага завода на замежныя рынкі ў многім садзейнічае дзейнасць тавараправодных сетак (ТПС), якая цяпер прадстаўлена сумеснымі прадпрыемствамі больш як у дзесяці краінах Еўропы, Афрыкі і Азіі. Найбольшы даход у 2014 годзе прынеслі кампаніі тавараправодных сетак Еўропы - 56,1 працэнта выручкі, або амаль $494 млн.
На нарадзе, прысвечанай вынікам знешнеэканамічнай дзейнасці завода ў мінулым годзе і задачам на 2015 год, якая праходзіла ў Жлобіне з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў ТПС з Германіі, Польшчы, Расіі, Аўстрыі, Кітая, ЗША і іншых краін, была адзначана важнасць развіцця гэтага сегмента структуры продажаў. Асаблівая роля ТПС будзе адводзіцца пошуку кліентаў для рэалізацыі прадукцыі новых вытворчасцей. Так, толькі ўвод у строй новага сортапракатнага цэха запатрабуе павелічэння паставак металапрадукцыі на рынкі ЗША ў аб'ёме 10 тыс. т, Еўропы - 185 тыс. т, Расіі - 35 тыс. т, у іншыя рэгіёны - 120 тыс. т. Тавараправодная сетка павінна таксама будзе забяспечыць заказамі метызную вытворчасць завода 445 тыс. т прадукцыі, у тым ліку неабходна будзе прадаць 99,3 тыс. т металакорду, 43,1 тыс. т бартавога дроту, 42,3 тыс. т дроту РМЛ і 261 тыс. арматуры і дроту.
Беларускі металургічны завод (ААТ "БМЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БМК") заснаваны ў 1984 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці літой загатоўкі, фасоннага, сартавога і арматурнага пракату, труб, металакорду, РМЛ і іншых відаў дроту. Пастаўкі таварнай прадукцыі за межы рэспублікі складаюць больш як 80 працэнтаў ад аб'ёму вытворчасці. На прадпрыемстве працуюць амаль 12 тыс. чалавек.