28 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Беларускі металургічны завод нарошчвае аб'ёмы вытворчасці дроту для рэзкі крышталёў крэмнію - у СНД у гэтай прадукцыі няма аналагаў, аб гэтым БЕЛТА паведамілі на прадпрыемстве.
Як удакладнілі на БМЗ, ультравысокатрывалы стальны дрот Saw wire - асноўны інструмент для рэзкі зліткаў монакрышталёў крэмнію на пласціны мінімальнай таўшчыні, якія служаць падложкай для мікрачыпаў. Дрот прызначаны і для работы з кварцам, разнастайнымі звышцвёрдымі і крохкімі матэрыяламі, пры апрацоўцы якіх вызначальнымі фактарамі з'яўляюцца дакладнасць рэзу і мінімальныя страты.
Начальнік участка тонкага валачэння сталядротавага цэха нумар 1 Сяргей Жыгуноў падкрэсліў: для цэха вытворчасць такога дроту - новая тэхналогія. І яе неабходна развіваць і пашыраць. "Вядзецца актыўная работа па пашырэнні кліенцкай базы і павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці", - адзначыў начальнік. "Гэта, бадай, самы моцны дрот з усіх, што вырабляліся раней. Дыяметр тонкі, трываласць высокая, а дрот пры гэтым эластычны і пластычны. Распрацоўка тэхналогіі - сумесная работа даследчага цэнтра тэхнічнага ўпраўлення і спецыялістаў з СтДЦ-1", - дадаў ён.
На прадпрыемстве ўдакладнілі: прадукцыя з'яўляецца стапрацэнтна імпартазамяшчальнай і паспяхова канкурыруе з замежнымі аналагамі, якія пастаўляліся раней.
ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" - высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны. Структурна складаецца са звязаных адным тэхналагічным ланцугом вытворчасцей - сталеплавільнай, пракатнай, трубнай, метызнай і цэхаў інфраструктуры.