19 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "БМК" ("Белкамунмаш") паставіць у грузінскі Батумі восем кампактных электробусаў. Адпаведная інфармацыя з'явілася ў Instagram прадпрыемства, паведамляе БЕЛТА.
"Прадстаўляем вам самы кампактны з сям'і электробусаў BKM Holding дзевяціметровы электробус Е490. Восем такіх электробусаў у гэтым годзе адправяцца ў сонечны горад Батумі (Грузія)", - сказана ў подпісе да публікацыі.
Прэзентацыя гэтай мадэлі для гарадскіх улад Батумі адбылася яшчэ ў ліпені 2017 года. Як адзначаў у інтэрв'ю БЕЛТА генеральны дырэктар "БКМ Холдынг" Уладзімір Кароль, у 2019 годзе кампанія выйграла конкурс на пастаўку электробусаў для грузінскага горада. Заказчык - ТАА "Батуміаўтатранспарт" - выбраў для мадэлі Е490 белы колер, які сімвалізуе чысціню. З тых часоў вялася зборка гэтых электробусаў.
Таксама "БКМ Холдынг" мае намер прадаўжаць нарошчваць пастаўкі на рынкі краін СНД і Сярэдняй Азіі, далей планамерна працаваць над пашырэннем геаграфіі паставак тэхнікі на рынак Еўропы. Доследная эксплуатацыя беларускіх электробусаў прайшла ў Ташкенце, некаторых расійскіх гарадах. З 2019 года пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Іспаніі і ганаровага консула ў Барселоне прадпрыемства развівае супрацоўніцтва з Каталоніяй. Сумесная вытворчасць Wave Industries у Кавентры (Вялікабрытанія) прадаўжае працаваць над намечанымі праектамі: стварэнне электрычнага грузавога транспарту, лакалізацыя зборкі электробусаў, доследная эксплуатацыя электробуса Е420 з праварульным кіраваннем. Аднак у сувязі з увядзеннем каранцінных мер у Вялікабрытаніі ёсць некаторыя цяжкасці з запускам тэхнікі ў доследную эксплуатацыю. Цяпер электробус знаходзіцца на завяршальным этапе сертыфікацыі, рыхтуецца ўстаноўка зараднай станцыі.