21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэрн "Белнафтахім" прапанаваў расійскай кампаніі "Газпрам нафта" давальніцкую схему работы для паставак нафты ў Беларусь. Аб гэтым паведаміў журналістам прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка па выніках перагавораў "Белнафтахіма" з прадстаўнікамі даччынай кампаніі ЗТАА "Газпрамнафта-Белнафтапрадукт", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння адбыліся перагаворы "Белнафтахіма" з прадстаўнікамі НК "Газпрам нафта" па пытаннях рэалізацыі давальніцкай схемы работы. Беларускі бок прапанаваў умовы па формуле 20 на 80, пры якой "Газпрам нафта" зможа пастаўляць у Беларусь нафту без прэміі, забіраючы сабе пятую частку аб'ёму пастаўкі на давальніцкую перапрацоўку", - паведаміў Аляксандр Цішчанка.
Ён удакладніў, што "прадстаўнікі расійскай нафтавай кампаніі змаглі пацвердзіць толькі гатоўнасць зарабляць, калі дакладней, толькі здымаць вяршкі, выключыўшы іншы ўдзел у структуры фарміравання рынку паліва на беларускай тэрыторыі".
"Па выніках перагавораў "Белнафтахім" паведаміў прадстаўнікам даччынай структуры "Газпрам нафты", што будзе прыкладаць па магчымасці максімальныя намаганні для забеспячэння паставак паліва на іх АЗС з улікам інтарэсаў унутранага рынку беларускіх спажыўцоў", - сказаў Аляксандр Цішчанка.
У той жа час у "Белнафтахіме" не выключылі аднаўленне перагавораў з "Газпрам нафтай". Такая ж схема будзе прапаноўвацца і іншым нафтавым кампаніям. "Гэта агульная ўмова па давальніцкай схеме", - дадалі ў канцэрне.