2 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беллеспаперапрам" за пяць гадоў павялічыў аб'ёмы вытворчасці па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах у 2,8 раза. Аб гэтым сказаў намеснік старшыні канцэрна Аляксандр Пшонны ў час маладзёжнага форуму арганізацый "Беллеспаперапрама" "Мы - будучае краіны", які праходзіць сёння ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы сабраліся, каб пагаварыць, што нас хвалюе, як мы бачым развіццё галіны, нашых гарадоў і краіны ў цэлым, абмеркаваць нейкія ідэі, прапановы і проста пазнаёміцца і паразмаўляць. Думаю, правядзенне маладзёжнага форуму зробім штогадовым мерапрыемствам, каб сустракацца часцей, размаўляць і разам ісці да дасягнення нашай мэты, а яна ў нас адна - зрабіць нашу справу паспяховай і працвітаючай, каб наша праца прыносіла карысць кожнаму работніку прадпрыемства і ў цэлым Беларусі, садзейнічала яе ўмацаванню і развіццю. Упэўнены, так і будзе", - сказаў Аляксандр Пшонны.
Паводле яго слоў, прадпрыемствы канцэрна за апошняе дзесяцігоддзе набылі новы выгляд. "Дзякуючы мадэрнізацыі яны выйшлі на якасна новы ўзровень тэхналогій і культуры вытворчасці. Сучаснае аўтаматызаванае абсталяванне і кваліфікаваныя кадры даюць магчымасць вырабляць шырокі асартымент якаснай і запатрабаванай на шматлікіх сусветных рынках прадукцыі. Толькі за апошнія пяць гадоў аб'ёмы вытворчасці па дрэваапрацоўчых прадпрыемствах канцэрна выраслі ў 2,8 раза, па цэлюлозна-папяровых - у 2,6 раза", - канстатаваў намеснік старшыні.
"Мы вырабляем больш за 70 відаў розных тавараў з драўніны, цэлюлозы, паперы і кардону, забяспечваем замкнёны цыкл вытворчасці і перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў. Амаль 80 працэнтаў выпускаемай прадпрыемствамі канцэрна прадукцыі пастаўляецца на рынкі 75 краін. Нягледзячы на тыя праблемы, якія сёння існуюць у свеце (а гэта і пандэмія каранавіруса, і палітычныя хваляванні, і санкцыі), мы не спыніліся, працавалі напружана і таму маем вынік. Гэта 28 студзеня адзначыў і Прэзідэнт, выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. На этапе рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у дрэваапрацоўцы было шмат крытыкі. Мадэрнізацыя ішла няпроста, бо мы, па вялікім рахунку, былі першапраходцамі ў будаўніцтве такіх заводаў у рэспубліцы. Праблемы былі, але яны ўсе вырашаны. Сёння прадпрыемствы канцэрна сталі драйверамі росту ў прамысловым сектары краіны. І гэта наша вялікае агульнае дасягненне, у тым ліку кожнага з вас", - адзначыў ён.
На прадпрыемствах канцэрна працуюць 5264 чалавекі ва ўзросце да 31 года. "Гэта пятая частка ад агульнай колькасці работнікаў галіны. Таму ваш уклад істотны. І перспектывы нашых прадпрыемстваў таксама ў вашых руках. Старэйшае пакаленне кіраўнікоў, спецыялістаў дзеліцца з вамі вопытам, але будучае ствараць вам. Ад вас залежыць, якімі будуць прадпрыемствы канцэрна праз 10, 15, 20 гадоў. Бо мы не спыняемся на дасягнутым і працуем над новымі перспектыўнымі праектамі", - падкрэсліў Аляксандр Пшонны.
Прадпрыемствы канцэрна ў бліжэйшай перспектыве павялічаць уклад у забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў краіны, павышэнне эфектыўнасці работы лесапрамысловага комплексу і вырашэнне агульных сацыяльна-эканамічных пытанняў дзяржавы, адзначыў намеснік старшыні. Прыярытэтамі для развіцця беларускай дрэваапрацоўкі вызначаны далейшае развіццё вытворчасцей, укараненне новых эфектыўных тэхналогій, стварэнне новых відаў прадукцыі, захаванне і ўмацаванне працоўных калектываў.
"Вырашэнне гэтых пытанняў будзе ў вашых руках. Вы менавіта тыя людзі, той кадравы патэнцыял, у якім галіна мае вострую патрэбу. Сучаснымі вытворчасцямі павінны кіраваць маладыя ініцыятыўныя людзі, якія мысляць не прывычнымі штампамі, а законамі рынку, тыя, хто здольны хутка рэагаваць на яго змяненні, хто можа ў любой сітуацыі забяспечыць стабільную работу прадпрыемства і яго ўстойлівае развіццё на перспектыву", - звярнуў увагу ён.
Аляксандр Пшонны падкрэсліў: штогод на прадпрыемствы канцэрна прыходзіць значная колькасць маладых спецыялістаў. "Гэта амаль 100-150 чалавек. І мы рады, што маладыя людзі становяцца членамі нашай вялікай працоўнай сям'і. Кожнаму з вас хочацца пажадаць поспехаў у прафесійнай дзейнасці, жадання развівацца і ісці далей, працаваць з поўнай самааддачай і адказнасцю. Працай кожнага з вас будзе складвацца агульны поспех дрэваапрацоўчай вытворчасці ў Беларусі, а значыць, і ў цэлым дабрабыт дзяржавы", - рэзюмаваў намеснік старшыні.
Форум "Мы - будучае краіны" прысвечаны Году гістарычнай памяці. Удзел у мерапрыемстве прымаюць маладыя людзі, якія працуюць на прадпрыемствах канцэрна, - тэхнолагі і інжынеры, эколагі, энергетыкі і эканамісты, спецыялісты па лагістыцы і ахове працы, бухгалтары і кадравікі, майстры цэхаў, аператары станкоў і многіх рабочых спецыяльнасцей. Форум праходзіць на пляцоўцы маладзёжнага бізнес-інкубатара. Спікеры мерапрыемства - намеснік старшыні "Беллеспаперапрама" Аляксандр Пшонны, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Часлава Гоева і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Клішэвіч. Таксама адбудзецца дыскусійная пляцоўка па актуальных пытаннях у маладзёжным асяроддзі "Адкрыты мікрафон", дзе маладыя людзі змогуць абмеркаваць любыя пытанні, якія іх цікавяць, выказаць меркаванне, унесці прапановы і проста пагутарыць з сябрамі і калегамі.