31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская гандлёва-прамысловая палата запускае новы праект "Экспарт online", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт палаты.
Асноўная задача гэтага праекта заключаецца ў садзейнічанні выхаду айчынных вытворцаў на замежныя (міжнародныя) электронныя платформы - ключавыя пункты росту экспартнага гандлю ў сучасных умовах.
Як адзначылі ў БелГПП, для ахопу буйных электронных гандлёвых пляцовак Кітая, Расіі, ЗША і ЕС у рамках праекта "Экспарт online" плануецца правесці серыю навучальных анлайн-мерапрыемстваў, прысвечаных пытанням экспарту па каналах трансгранічнага электроннага гандлю, з прыцягненнем афіцыйных партнёраў і аператараў буйных электронных гандлёвых пляцовак у названых рэгіёнах. У планах таксама сфарміраваць для ўдзельнікаў праекта інфармацыйную базу ведаў у галіне экспартнага электроннага гандлю, наладзіць узаемадзеянне з афіцыйнымі сэрвіс-правайдарамі буйных электронных пляцовак і выпрацаваць зразумелыя механізмы вываду на іх беларускай прадукцыі. Таксама палата мае намер на льготных умовах аказваць садзейнічанне ўдзельнікам праекта ў спадарожных пытаннях, звязаных з выхадам на замежныя электронныя пляцоўкі (рэгістрацыя таварных знакаў, пераклад і г.д.).
"Праект дасць магчымасць прадпрыемствам-удзельнікам развіць кампетэнцыі персаналу ў галіне экспартнага гандлю, устанавіць дзелавыя кантакты з прадстаўнікамі замежных і міжнародных гандлёвых пляцовак і вывесці сваю прадукцыю на гэтыя пляцоўкі", - лічаць у беларускай ГПП.
Для членаў палаты ўдзел у праекце будзе бясплатным, дадалі ў арганізацыі.