14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. СЗАТ "БЕЛДЖЫ" вывучыць попыт на электрамабілі і будзе рыхтавацца да вытворчасці. Аб гэтым расказаў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык у праграме "Размова ў Прэзідэнта" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
"Вельмі важным пытаннем з'яўляецца вытворчасць у Беларусі электрамабіляў. У нас была дасягнута дамоўленасць, што ў 2021 годзе ад 500 да 1 тыс. электрамабіляў будзе пастаўлена ў нашу краіну, каб вывучыць попыт, зразумець магчымасці, а потым праводзіць усе неабходныя работы па падрыхтоўцы да вытворчасці. Чакаць электрамабілі трэба бліжэй да другога паўгоддзя. Мы не здымаем пытанне з парадку дня. Думаю, што спажывец павінен знаходзіцца ў чаканні таго, што з'явіцца наш беларускі электратранспарт", - сказаў Пётр Пархомчык.
Паводле яго слоў, 2020 год быў лепшым за ўвесь перыяд работы "БЕЛДЖЫ". "Вельмі важна, што мы адгрузілі на экспарт 13 тыс. легкавых аўтамабіляў (а планавалі 11 тыс.). У Беларусі таксама добра папрацавалі дзякуючы нашым банкам, якія прапануюць спажыўцам вельмі добрую сістэму паслуг па набыцці аўто. У агульнай колькасці прададзена або пастаўлена пад рэалізацыю больш за 22,5 тыс. легкавых аўтамабіляў", - адзначыў міністр.
Урачыстае адкрыццё завода "БЕЛДЖЫ" адбылося 17 лістапада 2017 года. Прадпрыемства размясцілася паміж Барысавам і Жодзінам, займае плошчу 118 га. Аўтамабілі беларускай зборкі маркі Geely сертыфікаваны згодна з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза, выпрабаваныя па методыцы EuroNCAP (тэсты прадугледжваюць такія выпрабаванні, як франтальны, бакавы ўдар і інш.).