14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках конкурсу сярод прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасці ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" заняло першае месца ў намінацыі "Лепшая інавацыйная арганізацыя", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
У намінацыі было заяўлена 29 арганізацый. БелАЗ атрымаў 13 з 15 магчымых балаў.
Кампанія дасягнула лепшых вынікаў па такіх паказчыках, як доля навукаёмістай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці, удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай, а таксама доля высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.