30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛАЗ стварыў два новыя імпартанезалежныя самазвалы грузападымальнасцю 90 т і 220 т. Аб гэтым журналістам паведаміў намеснік генеральнага дырэктара БЕЛАЗа па стратэгічным развіцці і карпаратыўным кіраванні Аляксей Грачоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пасля ўвядзення санкцый нам перасталі быць даступны больш як 1,5 тыс. камплектуючых. Тады перад намі ўстала амбіцыйная задача - забяспечыць тэхналагічную незалежнасць нашай прадукцыі, пры гэтым захаваўшы ўвесь мадэльны рад кар'ернай і спецыяльнай тэхнікі. Цяпер можна з упэўненасцю гаварыць, што мы з гэтай задачай справіліся, у тым ліку пры падтрымцы партнёраў з Расіі", - заявіў Аляксей Грачоў.
Ён расказаў аб некалькіх значных праектах, якія знаходзяцца на розных стадыях выпрабавання. Плануецца, што ў бліжэйшы час яны будуць прадстаўлены ў эксплуатацыі. "Адзін з гэтых праектаў - у самым папулярным сегменце грузападымальнасці 90 т - машына з газатурбінным рухавіком БЕЛАЗ-75588, вытворцам якога стаў расійскі завод у Калузе. Выпрабаванні гэтай машыны мы плануем завяршыць у другім квартале 2023 года, пасля чаго пачнуцца эксплуатацыйныя выпрабаванні. Па іх выніках будзе прынята рашэнне аб тыражаванні гэтай тэхналогіі і набыцці спажыўцамі, - падкрэсліў Аляксей Грачоў. - Таксама мы стварылі самазвал з гібрыднай тэхналогіяй работы БЕЛАЗ-7513М у сегменце грузападымальнасці 130 т, дзе выкарыстаны серыйны рухавік расійскага вытворцы - Яраслаўскага маторнага завода. Там мы прымянілі рухавік малой магутнасці, які працуе разам з акумулятарнымі батарэямі, забяспечваючы поўную імпартанезалежнасць".
Паводле слоў намесніка гендырэктара, самая чаканая навінка гэтага года ў сегменце 220 т - кар'ерны самазвал БЕЛАЗ-75304 з рухавіком расійскай вытворчасці з Каломны. "Самазвал праходзіць завяршальныя выпрабаванні на заводзе ў эксперыментальным цэху, і мы вельмі разлічваем, што ў красавіку ён ужо адправіцца спажыўцу ў Расію, дзе прадоўжыць эксплуатацыйныя выпрабаванні. Спадзяёмся, пасля гэтага спажывец будзе гатовы прыняць рашэнне аб заказе 20 і больш такіх самазвалаў з пачаткам пастаўкі ўжо ў наступным годзе", - рэзюмаваў Аляксей Грачоў.
Па выніках 2022 года на расійскім рынку кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці доля БЕЛАЗа склала 82,3 працэнта. У мінулым годзе БЕЛАЗ паставіў у РФ прадукцыю на агульную суму больш як $800 млн, у тым ліку 843 кар'ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 т да 360 т. За студзень - люты 2023 года у Расію адгружана прадукцыі на суму каля $153 млн, у тым ліку 144 адзінкі тэхнікі.