13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛАЗ сабраў доследны ўзор кар'ернага самазвала грузападымальнасцю 90 т з газапоршневым рухавіком, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Цяпер самазвал чакаюць прыёмачныя выпрабаванні, завяршыць якія плануецца восенню 2022 года.
"Тэхніка на звадкаваным прыродным газе - адзін з напрамкаў інавацыйнага развіцця БЕЛАЗа. Газавыя праекты кампанія развівае ў двух напрамках: монапаліўныя машыны, якія працуюць толькі на газе, і біпаліўныя самазвалы ў газадызельным рэжыме. У сегменце грузападымальнасці 90 т рэалізуюцца адразу два праекты - кар'ерны самазвал з газапоршневым і газатурбінным рухавікамі", - расказалі ў прэс-службе.
Першы газавы самазвал грузападымальнасцю 45 т БЕЛАЗ вырабіў больш за тры гады таму. Выпрабаванні машыны ва ўмовах рэальнага кар'ера паказалі наступныя вынікі: выкіды шкодных рэчываў у атмасферу знізіліся ў 10 разоў, затраты на паліва - амаль у два разы ў параўнанні з эксплуатацыяй аналагічнага самазвала на дызельным паліве.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - найбуйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.