7 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шэсць кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗ грузападымальнасцю 45 т прыбудуць у верасні ва Усходнюю Сібір на новае радовішча золата "Сухі Лог" ТАА "СЛ Золата" - сумеснага прадпрыемства дзяржкарпарацыі "Ростэх" і ПАТ "Полюс" (Расія). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.
Самазвалы БЕЛАЗ-7547 выраблены ў спецыяльным кліматычным выкананні і дадаткова забяспечаны опцыямі, заяўленымі ў тэхнічным заданні спажыўца. "Усё гэта вельмі важна для работы ў экстрэмальных умовах, на якія багата Сібір. Дастаткова сказаць, што для тутэйшых мясцін характэрна доўгая зіма з маразамі да мінус 50 градусаў і кароткае гарачае лета. Нават калі ідуць ліўні або бушуюць мяцеліцы, а дарога ператвараецца ў суцэльнае непраходнае, на першы погляд, месіва, адаптаваныя да такіх умоў 45-тонныя беларускія самазвалы прадаўжаюць працаваць", - расказалі ў прэс-службе.
Пастаўку, мантаж і ўвод тэхнікі ў эксплуатацыю будзе праводзіць афіцыйны прадстаўнік БЕЛАЗ на тэрыторыі Расіі - ТАА "БелТрансЛагістык".
Радовішча "Сухі Лог" з'яўляецца адным з буйнейшых неасвоеных радовішчаў золата ў свеце. Яго рэсурсы складаюць 63 млн унцый золата (962 млн т з колькасцю золата ў саставе 2,1 грама на тону).
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.