23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паліваарашальная машына БЕЛАЗ-76473 адгружана Актагайскаму горна-абагачальнаму камбінату (Казахстан), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Спецмашына для абслугоўвання горна-транспартных работ БЕЛАЗ-76473 будзе змагацца з пылам і паляпшаць экалагічныя ўмовы работы ў ТАА "Актагай Мыс", якое ўваходзіць у склад буйнейшага вытворцы медзі ў Казахстане групы KAZ Minerals, на рудніку адкрытага тыпу", - расказалі ў прэс-службе.
Як адзначылі на прадпрыемстве, гэта мадэль паліваарашальнай машыны выдатна зарэкамендавала сябе і сёння паспяхова спраўляецца з пылам на адкрытых радовішчах Балгарыі, Зімбабвэ, Манголіі і іншых краін.
Машына спецпрызначэння БЕЛАЗ-76473, створаная на базе 45-тоннага кар'ернага самазвала, аснашчана рухавіком магутнасцю 600 конскіх сіл, веернай сістэмай паліваарашэння шырынёй больш за 24 м. Для арашэння цяжкадаступных месцаў прадугледжаны 10-метровы рукаў, таму пры неабходнасці гэту мадэль БЕЛАЗА можна выкарыстоўваць нават у якасці пажарнай машыны.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.