10 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛАЗ паставіў чатыры 240-тонныя самазвалы на Качканарскі ГАК (Свярдлоўская вобласць, Расія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Чатыры кар'ерныя 240-тонныя самазвалы БЕЛАЗ-75313 папоўнілі парк горнага транспарту ЕЎРАЗ Качканарскага горна-абагачальнага камбіната. У гэтых машынах аптымальна спалучаюцца грузападымальнасць, тэхнічныя характарыстыкі і камфорт", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Для КачГАКа самазвалы выраблены па індывідуальных тэхнічных патрабаваннях кампаніі-спажыўца і для зручнасці аператараў аснашчаны карыснымі дэвайсамі. У прыватнасці, устаноўлены дыяганальныя лесвіцы, ёсць аўтаматычныя сістэмы пажаратушэння, камеры кругавога агляду, электронныя дысплэі, якія паказваюць загружанасць кузава ў тонах, дзейнічаюць эфектыўныя сістэмы абагрэву і вентыляцыі ў кабінах. Акрамя таго, афарбоўка самазвалаў выканана ў колеравай карпаратыўнай ідэнтыфікацыі ЕЎРАЗа.
"БЕЛАЗ-75313 - адна з навінак у сваім класе грузападымальнасці з пашыраным функцыяналам, паліўнай эканамічнасцю, высокай манеўранасцю, плаўнасцю ходу і ўстойлівасцю на дарозе. Інавацыйныя тэхнічныя рашэнні робяць 240-тонную машыну надзейнай, бяспечнай і максімальна эфектыўнай у рабоце, а гэта менавіта тое, што выбірае сучасны спажывец кар'ернай тэхнікі", - дадалі ў прэс-службе.
На схілах гары Качканар па шырокіх тэхналагічных дарогах, пракладзеных спецыяльна для БЕЛАЗаў, беларускія кар'ерныя тытаны грузападымальнасцю 240 т і магутнасцю 2,5 тыс. к.с. будуць перавозіць тоны руды на перагрузачныя пункты і раскрыўную пароду на адвал.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы вялікі ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.