14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Беларускі аўтамабільны завод" і ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" намячаюць пастаўкі тэхнікі для патрэб буйнейшай горназдабыўной кампаніі Інданезіі Newmont Nusa Tenggara. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі па выніках рабочай паездкі Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Інданезіі Уладзіміра Лапата-Загорскага ў горад Матарам (правінцыя Заходняя Нуса Тэнгара).
Прадстаўнікі прадпрыемстваў прэзентавалі БелАЗ і МАЗ на рэгіянальным бізнес-форуме, арганізаваным пры садзейнічанні МЗС Інданезіі. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства, абмяркоўваліся "варыянты супрацоўніцтва, у тым ліку па магчымай пастаўцы беларускай тэхнікі для патрэб буйнейшай горназдабыўной кампаніі Інданезіі Newmont Nusa Tenggara".
Но форуме быў прэзентаваны гандлёвы і інвестыцыйны патэнцыял Беларусі, адбыліся перагаворы з прадстаўнікамі дзелавых колаў рэгіёна.
Акрамя таго, Уладзімір Лапата-Загорскі сустрэўся з губернатарам правінцыі Заходняя Нуса Тэнгара. Бакі абмеркавалі стан і перспектывы ўзаемадзеяння Беларусі з гэтым рэгіёнам Інданезіі.