4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛАЗ і "Газпрам" разглядаюць перспектыўныя напрамкі партнёрства ў сферы імпартазамяшчэння. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага прадпрыемства.
БЕЛАЗ наведала расійская дэлегацыя групы кампаній "Газпрам" на чале з намеснікам старшыні праўлення ПАТ "Газпрам" Віталем Маркелавым. На сустрэчы з генеральным дырэктарам БЕЛАЗа Сяргеем Нікіфаровічам бакі разгледзелі прыярытэтныя напрамкі ў сферы імпартазамяшчэння і абмеркавалі перспектыўныя інавацыйныя распрацоўкі БЕЛАЗа ў галіне выкарыстання прыроднага газу ў якасці маторнага паліва для кар'ернай тэхнікі.
Расійская дэлегацыя азнаёмілася з ключавымі вытворчымі пляцоўкамі кампаніі. Госці цікавіліся ходам мадэрнізацыі прадпрыемства, асаблівасцямі працэсу зборкі кар'ернай тэхнікі, геаграфіяй экспартных паставак. Віталю Маркелаву былі прадстаўлены ўзоры інавацыйнай кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ, у тым ліку самазвал, які працуе на прыродным газе.
Таксама на прадпрыемстве прайшла нарада па пытаннях узаемадзеяння ПАТ "Газпрам" і прадпрыемстваў Беларусі з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Пятра Пархомчыка. Абмяркоўваліся пытанні ўдзелу беларускіх вытворцаў у закупках для патрэб групы "Газпрам", развіцця газатранспартнай сістэмы краіны і інавацыі флагманаў айчыннага машынабудавання ў галіне выкарыстання газавага паліва.
ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў і транспартнага абсталявання для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасці. Займае каля 30 працэнтаў сусветнага рынку кар'ерных самазвалаў асабліва вялікай грузападымальнасці. Вырабляе самы буйны ў свеце кар'ерны самазвал грузападымальнасцю 450 т.