11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Авіякампанія "Белавія" зніжае кошт авіябілетаў са змяншэннем з 10 сакавіка памеру паліўнага збору. Такая інфармацыя размешчана на сайце авіякампаніі, паведамляе БЕЛТА.
"Белавія" прадаўжае зніжаць кошт авіябілетаў для сваіх пасажыраў. Чарговым крокам у гэтым напрамку з'яўляецца змяншэнне з 10 сакавіка памеру паліўнага збору ў сувязі са змяненнем сусветных цэн на авіяпаліва", - адзначаецца ў паведамленні.
Напрыклад, кошт паліўнага збору ў Амстэрдам, Лондан, Парыж, Прагу і іншыя еўрапейскія напрамкі зменшыцца з 25 да 15 еўра. На рэйсы з Мінска ў гарады Казахстана кошт зменіцца з 30 да 15 еўра (у адзін бок). Такім чынам, кошт пералёту знізіцца на гэтых напрамках у дыяпазоне ад 20 да 30 еўра на чалавека ў абодва бакі. Паліўны збор не спаганяецца з дзяцей ва ўзросце да двух гадоў.
"Авіякампанія будзе прадаўжаць сачыць за сітуацыяй на рынку і своечасова рэагаваць на любыя значныя змяненні ў авіяцыйнай індустрыі, імкнучыся прапаноўваць прывабныя ўмовы перавозкі", - працытавалі ў прэс-службе генеральнага дырэктара ААТ "Авіякампанія "Белавія" Анатоля Гусарава.
Як паведамлялася, на працягу 2015 года з мэтай павышэння ўзроўню даступнасці паслуг авіятранспарту "Белавія" знізіла кошт сваіх авіябілетаў у сярэднім на 20 працэнтаў.
"Белавія" з'яўляецца найбуйнейшым авіяперавозчыкам Беларусі. У канцы студзеня 2014 года пачала работу ў юрыдычным статусе адкрытага акцыянернага таварыства. У флоце авіякампаніі 27 самалётаў. З 1997 года "Белавія" - правадзейны член Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA), з 2010-га - член Асацыяцыі еўрапейскіх рэгіянальных авіякампаній (ERAA). За 2015 год авіякампанія перавезла больш як 2 млн пасажыраў.