12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускую дрэваапрацоўку ўпершыню прадставяць на міжнароднай выстаўцы Timber Expo ў Вялікабрытаніі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Беллеспаперапрам".
Выстаўка пройдзе 10-12 кастрычніка ў Бірмінгеме. Ужо распрацавана канцэпцыя беларускай экспазіцыі, вызначана праграма візіту афіцыйнай беларускай дэлегацыі, намечаны мерапрыемствы, перагаворы і бізнес-сустрэчы. Пачата падрыхтоўка прэзентацыйных, інфармацыйных і іміджавых матэрыялаў, прапрацоўваецца PR-кампанія.
Беларуская кансалідаваная экспазіцыя пад эгідай канцэрна "Беллеспаперапрам" і пры садзейнічанні УП "Белінтэрэкспа" будзе прадстаўлена на выстаўцы пяццю арганізацыямі: ААТ "Беларуская лясная кампанія", ААТ "Івацэвічдрэў", ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа", УП "Беллесэкспарт" і СТАА "ЦСП БЗБ".
Плануецца таксама правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы пры падтрымцы гандлёва-прамысловых палат Беларусі і Вялікабрытаніі, а таксама асобная прэзентацыя дрэваапрацоўчай галіны Беларусі, Беларускай універсальнай таварнай біржы і галіновых спецэкспарцёраў.
Выстаўка Timber Expo - буйнейшы профільны форум у Вялікабрытаніі. Яна праводзіцца ў рамках вялікага будаўнічага тыдня, які збірае каля 650 экспанентаў з розных краін свету. Выстаўку наведвае не менш як 30 тыс. чалавек.
Паводле інфармацыі прэс-службы "Беллеспаперапрама", Вялікабрытанія - прывабны і вельмі перспектыўны рынак для беларускіх вытворцаў. Гэта краіна з'яўляецца чыстым экспарцёрам усёй лінейкі прадукцыі дрэваапрацоўкі. У 2016 годзе ў Вялікабрытанію імпартавана тавараў з драўніны на $6,6 млрд. Пастаўляюцца лесаматэрыялы, драўнянае паліва, фанера, ДСП, ДВП, мэбля і іншае.