11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя на працягу 2015-2021 гадоў маюць намер рэалізаваць у Нацыянальным навукова-тэхналагічным парку "БелБіяград" каля 200 інвестыцыйных праектаў. Аб гэтым заявіла журналістам генеральны дырэктар ДНВА "Хімічны сінтэз і біятэхналогіі" - дырэктар ДНУ "Інстытут мікрабіялогіі" НАН Беларусі Эмілія Каламіец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З "БелБіяградам" мы звязваем пэўныя надзеі. Праект практычна ўзгоднены з Саўмінам, і ўказ па "БелБіяградзе" хутка будзе адпраўлены на падпісанне Прэзідэнту", - расказала Эмілія Каламіец.
Яна растлумачыла, што "БелБіяград" - гэта асаблівая тэхналагічная зона са спецыяльным падатковым рэжымам, дзе будуць рэалізаваны праекты ў сферы бія-, нанатэхналогій, фармацэўтыкі, мікра- і нанасістэмнай тэхнікі. Паводле слоў вучонага, гэта даўні праект, і добры ён тым, што яго не трэба будзе ствараць з нуля. У раёне Акадэмгарадка, побач з Паркам высокіх тэхналогій размешчана даволі шмат навуковых устаноў: Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, Фізіка-тэхнічны інстытут, Інстытут хіміі новых матэрыялаў, Інстытут мікрабіялогіі, якія стануць базай для стварэння "БелБіяграда". Акрамя таго, у гэтых НДІ ёсць уласныя вытворчасці, дзе яны выпускаюць прадукцыю. На думку Эміліі Каламіец, "гэта вельмі добры пачатак для арганізацыі такой сістэмнай работы".
Вучоны расказала, што ў час наведвання інстытута віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам прынята рашэнне, што ў "Белбіяграда" павінен быць экстэрытарыяльны прынцып. Гэта дасць магчымасць стаць яго рэзідэнтамі кампаніям, установам, інстытутам з рэгіёнаў і арганізоўваць вытворчасці. Аднак, падкрэсліла Эмілія Каламіец, праекты павінны будуць адпавядаць шэрагу спецыяльных патрабаванняў.
У 2013 годзе Мінэканомікі праводзіла падрыхтоўчую работу па стварэнні Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парку "БелБіяград". Быў падрыхтаваны праект указа Прэзідэнта, падабраны зямельны ўчастак для размяшчэння інфраструктурнага комплексу "Біяград Мінск", праведзены папярэднія тэхніка-эканамічныя разлікі, намечаны ўдзельнікі кіруючай кампаніі парка. У кастрычніку 2013 года па выніках нарады ва ўрадзе далейшая работа па стварэнні "БелБіяграда" была ўскладзена на НАН Беларусі па ініцыятыве Акадэміі навук.