2 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларускія спецыялісты актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі праектаў па будаўніцтве сацыяльнага жылля ў Венесуэле. Гэта адзначыў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў сёння ў Доме дружбы на вечары, прысвечаным 20-й гадавіне ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Венесуэлай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Валянцін Рыбакоў падкрэсліў, што пры садзейнічанні Беларусі пабудаваны кватэры ў венесуэльскіх штатах Арагуа, Барынас і горадзе Каракас.
За адносна кароткі тэрмін паміж Беларуссю і Венесуэлай была сфарміравана дагаворна-прававая база супрацоўніцтва, усталяваны трывалыя кантакты паміж міністэрствамі, арганізацыямі, прадпрыемствамі, адукацыйнымі і навуковымі цэнтрамі. За мінулыя гады заключаны і паспяхова рэалізуюцца больш як 40 міжнародных дагавораў і міжнародна-прававых дакументаў. Важным інструментам развіцця двухбаковых адносін з'яўляецца беларуска-венесуэльская сумесная камісія высокага ўзроўню.
Намеснік міністра акцэнтаваў увагу, што рэалізуюцца маштабныя праекты двухбаковага супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці, архітэктуры і будаўніцтва, сельскай гаспадаркі і харчавання, газіфікацыі, сейсмаразведкі і сейсматэхнікі, навукі. Пры ўдзеле беларускага боку ў штаце Барынас уведзены ў эксплуатацыю тры заводы: зборкі трактароў, грузавых аўтамабіляў і дарожна-будаўнічай тэхнікі. На сумесных вытворчасцях сабрана больш за 2,8 тыс. трактароў, 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў, больш за 150 адзінак дарожна-будаўнічай тэхнікі. Развіваецца супрацоўніцтва ў галіне разведкі здабычы нафты. На радовішчах сумеснага прадпрыемства "Петралера БелаВенесалана" штогод здабываецца больш за 1 млн т нафты.
Як адзначыў Валянцін Рыбакоў, сумесныя праекты садзейнічаюць развіццю эканомік дзвюх краін. Ён выказаў упэўненасць, што і ў далейшым беларуска-венесуэльскія кантакты будуць развівацца.