13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія сельгасарганізацыі сэканомілі больш за Br5,5 млн на закупках шроту алейных культур праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу ў 2021 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
"Дадатны эканамічны эфект ад удзелу ў біржавых таргах абумоўлены высокай канкурэнцыяй сярод пастаўшчыкоў шроту, якія ўдзельнічалі ў біржавых таргах на працягу года. У большасці выпадкаў прадаўцы былі гатовы ісці на ўступкі пакупнікам, нягледзячы на значны попыт на прадукцыю перапрацоўкі алейных з боку айчынных сельгасарганізацый", - расказалі ў прэс-службе.
Шрот алейных рэгулярна ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных біржавых тавараў, забяспечваючы амаль 30 працэнтаў ад агульнага аб'ёму рэалізацыі прадукцыі АПК праз біржавую пляцоўку. Найбольшым попытам карыстаецца соевы шрот, на які прыпадае каля палавіны продажаў прадукцыі перапрацоўкі алейных на ўнутраным рынку. "Паколькі соевыя бабы ў Беларусі не вырошчваюцца, кошт шроту залежыць непасрэдна ад кошту імпартуемай сыравіны, якая ў бягучым годзе прыкметна падаражэла. Па гэтай прычыне айчынным сельгаспрадпрыемствам нават давялося крыху скараціць закупкі шроту на карысць больш таннага зерня і прэміксаў. Тым не менш дзякуючы высокай канцэнтрацыі пастаўшчыкоў на біржавых таргах негатыўныя наступствы росту цэн удалося часткова нівеліраваць", - адзначылі ў БУТБ.
У цэлым у 2021 годзе беларускі біржавы рынак шроту алейных культур характарызаваўся рознанакіраванымі цэнавымі тэндэнцыямі: умераным ростам кошту першыя месяцы года, затым рэзкім павышэннем у сярэдзіне другога квартала і невялікім зніжэннем у трэцім квартале. У канцы снежня 2021 года соевы шрот на БУТБ таргаваўся ў цэнавым дыяпазоне $540-580 за тону, а сланечнікавы - $300-360 за тону, практычна вярнуўшыся да значэнняў 2020 года. "Аднак калі параўноўваць сярэднегадавыя значэнні, то ў 2021 годзе гэты від кармавых дабавак быў даражэйшы ў сярэднім на 25-35 працэнтаў, чым у 2020-м.
Зрэшты, для задавальнення попыту з боку айчынных спажыўцоў і забеспячэння прымальнага ўзроўню цэн работа па прыцягненні на біржавую пляцоўку вытворцаў соевага, сланечнікавага і рапсавага шроту з Беларусі і з-за мяжы будзе прадаўжацца", - запэўнілі ў прэс-службе.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.