16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская кар'ерная тэхніка ўпершыню выходзіць на рынак Індыі. Падпісаны кантракт на пастаўку 77 кар'ерных самазвалаў БЕЛАЗ-75137 грузападымальнасцю 136 т з кампаніяй Coal India Limited, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Машыны будуць працаваць на адкрытым вугальным кар'еры Gevra. Іх забяспечаць запаснымі часткамі, прадугледжана таксама сэрвіснае абслугоўванне на працягу 8 гадоў эксплуатацыі. У непасрэднай блізкасці ад кар'ера плануецца адкрыць сэрвісны цэнтр.
Агульная сума кантракта складае каля $200 млн. Першыя партыі самазвалаў адгрузяць заказчыку ў лістападзе і снежні бягучага года.
Coal India ltd - буйнейшая вуглездабыўная кампанія ў свеце. Яна працуе праз 81 горназдабыўны раён у васьмі штатах Індыі. У краіне налічваецца каля 430 вугальных шахтаў, з якіх 175 - адкрытыя, 227 - падземныя і 28 змешаныя.
ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг" - буйнейшы сусветны вытворца кар'ерных самазвалаў вялікай і асабліва вялікай грузападымальнасці, а таксама іншага цяжкага транспартнага абсталявання, якое прымяняецца ў горназдабыўной і будаўнічай галінах.