30 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыі кандытарскай галіны Беларусі за студзень - верасень 2022 года экспартавалі 30,4 тыс. т кандытарскай прадукцыі. Аб гэтым у інтэрв'ю часопісу "Экономика Беларуси" расказаў старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алег Жыдкоў, паведамляе БЕЛТА.
Прадпрыемствы кандытарскай галіны канцэрна "Белдзяржхарчпрам" паставілі на знешні рынак 17,3 тыс. т кандытарскіх вырабаў у 19 краін свету, размешчаных практычна на ўсіх кантынентах. Гэта краіны СНД, рынкі краін Азіі, таксама пастаўкі ажыццяўляюцца ў Еўропу і Паўночную Амерыку.
"Складанасці, з якімі мы сутыкнуліся ў бягучым годзе з-за пераарыентацыі экспартных патокаў, пераадолены. У танажы экспартныя аб'ёмы засталіся на ўзроўні мінулага года, але сусветны рост цэн на прадукты харчавання ў цэлым пасадзейнічаў павелічэнню грашовай выручкі ад экспартных продажаў кандытарскіх вырабаў на 21 працэнт", - адзначыў Алег Жыдкоў.
"Ставім за мэту выйсці на новы ўзровень па аб'ёмах продажаў прадукцыі на экспарт. Плануем пашырыць геаграфію экспартных паставак", - дадаў ён.
За студзень - верасень гэтага года кандытарскімі арганізацыямі Беларусі выраблена 100,9 тыс. т кандытарскіх вырабаў. Звыш 60 працэнтаў з агульнай колькасці - на прадпрыемствах канцэрна "Белдзяржхарчпрам".
"Сёння ў нас няма ні аднаго прадпрыемства, якое працавала б неэфектыўна, са стратамі. Усе прадпрыемствы працуюць з чыстым прыбыткам. І спадзяюся, такая дынаміка захаваецца на наступны год", - адзначыў кіраўнік канцэрна.