8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Made in Belarus будзе прадстаўлена на міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўцы International agricultural fair Novi Sad 2021, якая адкрыецца ў Сербіі 18 верасня. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт выставачнага прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Паводле інфармацыі выставачнай кампаніі, 15 беларускіх прадпрыемстваў прадставяць наведвальнікам хімічную прадукцыю, сродкі аховы раслін, сельскагаспадарчую тэхніку, шыны, малочныя прадукты, курыныя яйкі. Так, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі пакажа шэраг распрацовак у сферы біятэхналогій і сельскай гаспадаркі. У прыватнасці, Інстытут мікрабіялогіі і Інстытут біяарганічнай хіміі прадэманструе шэраг прэпаратаў для аховы і стымуляцыі росту раслін. Навукова-вытворчы цэнтр па жывёлагадоўлі пакажа біяаналаг лактаферыну чалавека, што выкарыстоўваецца для вытворчасці прадукцыі медыцынскага, харчовага і іншага прызначэння.
Навукова-вытворчы цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі прапануе ўвазе сербскіх фермераў навінку - паўрадны камбайн для ўборкі ягад ароніі, чорных парэчак, агрэсту і шыпшыны. Эканомія затрат пры выкарыстанні гэтага камбайна складае 30 працэнтаў у параўнанні з аналагамі.
ААТ "Гомсельмаш" - адзін з лідараў сусветнага рынку складаных сельгасмашын - азнаёміць наведвальнікаў выстаўкі з магчымасцямі збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў пад маркай "Палессе". ААТ "Белшына" прэзентуе шыны для самазвалаў, якія забяспечваюць павышанае супраціўленне парэзам і сколам, шыны для трактароў і сельскагаспадарчых машын, легкавых аўтамабіляў.
ААТ "Завод горнага воску" прадставіць парафін і воск (парафінавыя эмульсіі, мадэльныя саставы) і дапаможную прадукцыю (змазкі, масла, змазачна-ахаладжальныя тэхналагічныя сродкі). Шырокі спектр хімічнай прадукцыі прадставяць адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Лакафарба" і "Магілёўхімвалакно".
"У Сербіі добра вядома якасць беларускіх прадуктаў харчавання. ААТ "Салігорская птушкафабрыка" прывязе курыныя і перапяліныя яйкі "Маладзецкія", вэнджаныя на бярозавых і альховых апілках з гарчыцай, чорным перцам, часнаком і куркумай. Тэхналогія вытворчасці гэтай прадукцыі, што заслужыла шэраг узнагарод на прэстыжных міжнародных конкурсах, распрацавана і запатэнтавана прадпрыемствам. А ААТ "Малочны свет" прадставіць стэрылізаванае малако, вяршкі, сычужныя і мяккія сыры, масла", - расказалі ў "Белінтэрэкспа".
На адкрытай пляцоўцы выстаўкі сербскі прадстаўнік беларускіх кампаній СП "Беларус-Аграпанонка" пакажа некалькі дзясяткаў узораў тэхнікі вытворчасці Мінскага трактарнага завода і Бабруйскага завода трактарных дэталей і агрэгатаў. Дарэчы, прадпрыемства плануе правесці латарэю сярод наведвальнікаў выстаўкі - яе пераможца стане ўладальнікам трактара Belarus 82.1.
У рамках выстаўкі таксама запланавана прэзентацыя прамысловага патэнцыялу Беларусі. Мерапрыемства адбудзецца 18 верасня ў 14.00 у кангрэс-холе выставачнага цэнтра. Удзел у прэзентацыі прымуць міністр прамысловасці Беларусі Пётр Пархомчык, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, ганаровы консул Беларусі ў г.Нові Сад Драгалюб Швоня.
88-я Міжнародная сельскагаспадарчая выстаўка International agricultural fair Novi Sad з'яўляецца буйнейшай выстаўкай рэгіёна і адной з найбольш аўтарытэтных і значных выставак у Еўропе. У 2019 годзе ў выстаўцы прынялі ўдзел 1,5 тыс. кампаній з 61 краіны. Колькасць наведвальнікаў перавысіла 140 тыс. чалавек.
"У 2021 годзе будзе прадстаўлена дзевяць нацыянальных экспазіцый. Акрамя Беларусі свае павільёны арганізуюць Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Польшча, Расія і Чэхія, якая таксама выступае ў якасці краіны-партнёра. Удзел прымаюць больш за 600 кампаній з некалькіх дзясяткаў краін. Чакаецца, што мерапрыемства наведаюць дзясяткі тысяч спецыялістаў з розных рэгіёнаў Еўропы і Азіі. Для арганізацыі бяспечнага правядзення мерапрыемства ўсе наведвальнікі павінны будуць здаць экспрэс-тэст на COVID-19 непасрэдна перад уваходам на выстаўку. Новаўвядзеннем з'яўляецца адначасовае правядзенне на пляцоўцы яшчэ дзвюх выставак - 53-й Міжнароднай выстаўкі палявання і рыбалоўства і выстаўкі "Экалогія", - расказалі ў выставачнай кампаніі.
Арганізатар экспазіцыі Made in Belarus - выставачнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Мерапрыемства праводзіцца пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Сербіі і Гандлёва-прамысловай палаты Сербіі.