2 снежня, Бялград /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. У час беларуска-сербскага бізнес-форуму ў Бялградзе плануецца падпісаць кантракты на $100 млн. Аб гэтым паведаміў журналістам пасол Беларусі ў Сербіі Валерый Брылёў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У час бізнес-форуму будуць падпісаны дагаворы прыкладна на $100 млн. Гэта лічба невялікая, яна павінна быць значна большая", - лічыць Валерый Брылёў.
Беларуска-сербскі бізнес-форум пройдзе ў Бялградзе 3 снежня паралельна візіту Прэзідэнта Беларусі ў Сербію. Дзелавыя колы абмяркуюць магчымасці супрацоўніцтва ў сферах прамысловай вытворчасці і машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, вытворчасці прадуктаў харчавання, лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі і іншых галінах.
Чакаецца, што будуць падпісаны кантракты на пастаўку беларускай сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі, шын, малочнай прадукцыі, піламатэрыялаў і іншых тавараў.