29 чэрвеня, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларусь вядзе перагаворы аб пастаўках у Маскву першай партыі электробусаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Інтарэс у расійскага боку да беларускага электратранспорту вельмі высокі, падкрэсліў кіраўнік дзяржкамітэта. "Мы паставілі ўжо такі транспарт для доследнай эксплуатацыі, ёсць яго характарыстыкі, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб пастаўках у Маскву партыі электробусаў з перспектывай выхаду ў іншыя рэгіёны Расіі", - праінфармаваў Аляксандр Шумілін.
Галоўная перавага электратранспарту ў яго экалагічнасці. "Электробусы не забруджваюць навакольнае асяроддзе. Яны не прывязаны правадамі да маршруту, зараджаюцца на станцыі 5-7 хвілін, а паміж прыпынкамі курсіруюць на электрычным ходзе", - расказаў ён.
Аляксандр Шумілін таксама паведаміў, што да верасня будзе прадстаўлены першы ўзор беларускага электрамабіля. На выстаўцы інавацый у Маскве можна даведацца не толькі пра беларускі электратранспарт, але і новыя матэрыялы да яго - накапляльнік, суперкандэнсатар, уласную зарадную станцыю.
Усяго ў экспазіцыі прымаюць удзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставяць больш за 250 распрацовак.
Тэматычна беларуская экспазіцыя падзелена на 14 кластараў: машынабудаванне; касмічныя тэхналогіі; мікраэлектроніка і сонечная энергетыка; электратранспарт; праект па стварэнні сумеснага беларуска-расійскага рухавіка; біятэхналогіі; перадавыя распрацоўкі высокага ўзроўню; высокія тэхналогіі ў ахове здароўя; адытыўныя тэхналогіі 3D-друку і нанаіндустрыя; хімія і нафтахімія; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; маладзёжныя праекты; інавацыі ў лёгкай прамысловасці; кнігі Беларусі.
Наведвальнікі выстаўкі могуць азнаёміцца з распрацоўкамі фіналістаў рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". Сярод іх - пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту. Паколькі тэма Форуму рэгіёнаў у бягучым годзе "Вектары інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства", асаблівая ўвага ў экспазіцыі ўдзелена наватарскім распрацоўкам і высокатэхналагічнай прадукцыі, а таксама сумесным беларуска-расійскім праектам.
Арганізатарамі IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Арганізатарамі спецыялізаванай выстаўкі ў час форуму з'яўляюцца Міністэрства прамысловасці і гандлю Расіі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата.