10 сакавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Кіраўнікі беларускіх будаўнічых кампаній прадставілі ў Пскове магчымасці сваіх прадпрыемстваў і абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з пскоўскімі калегамі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.
Сустрэча прадстаўнікоў бізнесу і гарадской адміністрацыі Пскова з кіраўнікамі прадпрыемстваў з Беларусі адбылася ў час візіту ў горад беларускай дэлегацыі пад кіраўніцтвам міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасці ўдзелу беларускіх будаўнічых кампаній у праектах, што рэалізуюцца ў Пскове. У прыватнасці, размова ішла аб праектаванні і будаўніцтве жылля, аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, будаўніча-мантажных работах на аб'ектах гарадской інфраструктуры. Таксама абмяркоўваліся пастаўкі беларускіх будаўнічых матэрыялаў і ліфтаў. "Пскоў вельмі зацікаўлены развіваць гандлёвыя і вытворчыя адносіны з Беларуссю. Раней мы даволі цесна супрацоўнічалі і гатовы пашыраць гэта супрацоўніцтва", - адзначыла на сустрэчы намеснік кіраўніка адміністрацыі Пскова Таццяна Іванова.
У беларускую дэлегацыю ўвайшлі прадстаўнікі такіх прадпрыемстваў, як
"Гроднапрамбуд", Магілёўскі і Віцебскі домабудаўнічыя камбінаты, "Белбудцэнтр", "Магілёўліфтмаш".