23 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспазіцыя беларускіх вытворцаў Made in Belarus упершыню адкрылася ў рамках 60-й шматгаліновай міжнароднай выстаўкі Zimbabwe International Trade Fair 2019, якая праходзіць з 23 па 27 красавіка, паведаміла БЕЛТА спецыяліст аддзела замежных выставак прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Настасся Ворах.
У беларускім павільёне прадстаўлены прадпрыемствы БелАЗ, Мінскі трактарны завод, "Сохра" і "Чэфі", а таксама інфармацыйны стэнд з дэманстрацыяй эканамічнага патэнцыялу Беларусі. 23 красавіка яго наведаў міністр прамысловасці і камерцыі Зімбабвэ Мангаліса Ндлову, якому прадэманстравалі 3D-экскурсію па заводзе БелАЗ з дапамогай VR-акуляраў і азнаёмілі з працэсам вытворчасці кар'ерных самазвалаў ад пачатку да адгрузкі спажыўцу.
"БелАЗ прадстаўляе на выстаўцы кар'ерную тэхніку для перавозкі горных парод у складаных умовах здабычы на глыбокіх шахтах і кар'ерах і здольную працаваць у розных кліматычных умовах: пры тэмпературы ад 50 градусаў марозу да 50 градусаў гарачыні. Можна азнаёміцца з прэзентацыяй самазвалаў з грузападымальнасцю 55 і 130 т, франтальных пагрузчыкаў БелАЗ-78221 і колавых бульдозераў БелАЗ-78231, прызначаных для механізацыі пагрузкі і земляных работ на адкрытых кар'ерах, а таксама паліваарашальных машын БЕЛАЗ-76473, здольных распырскваць ваду на адкрытых кар'ерах. З 2014 года Зімбабвэ значыцца ў спісе перспектыўных напрамкаў экспарту для прадпрыемства: пастаўка ў 2017 годзе 52 адзінак тэхнікі БелАЗ стала адной з самых буйных гадавых партый, рэалізаваных у далёкае замежжа", - адзначыла спецыяліст.
Мінскі трактарны завод дэманструе трактары BELARUS для сельскагаспадарчых і камунальных работ. Прадпрыемства актыўна нарошчвае супрацоўніцтва з Афрыкай, улічваючы імклівае развіццё сельскай гаспадаркі ў гэтым рэгіёне. У 2018 годзе прадпрыемства падпісала кантракт з зімбабвійскімі партнёрамі.
У экспазіцыі прымае ўдзел група кампаній "Сохра" - сэрвісны падрадчык і пастаўшчык беларускай кар'ернай тэхнікі, грузавых аўтамабіляў, трактароў, спецтэхнікі і іншай прадукцыі беларускай вытворчасці ў Афрыку.
Вырабы медыцынскага прызначэння, аптэчкі першай дапамогі для аснашчэння транспартных сродкаў і для агульнага карыстання прадстаўляе айчынны вытворца "Чэфі".
Экспазіцыя беларускіх вытворцаў праводзіцца ў час дзелавога візіту ў Зімбабвэ, арганізаванага БелГПП. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае намеснік старшыні БелГПП Андрэй Шахановіч. Запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва дзяржаўных органаў Зімбабвэ, а таксама двухбаковы бізнес-форум.
"На сённяшні дзень Зімбабвэ лічыцца важным партнёрам для Беларусі ў Паўднёваафрыканскім рэгіёне. У адпаведнасці з дамоўленасцямі прэзідэнтаў Беларусі і Зімбабвэ плануецца развіваць супрацоўніцтва ў такіх сферах, як горназдабыўная галіна, сельская гаспадарка, энергетыка, у тым ліку аўтамабільныя дарогі і чыгункі, будаўніцтва, транспарт і лагістыка. У 2018 годзе былі ўкладзены шматмільённыя кантракты на пастаўку спецыялізаванай тэхнікі", - расказала Настасся Ворах.
Экспазіцыю беларускіх вытворцаў Made in Belarus арганізуе выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" БелГПП пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Zimbabwe International Trade Fair - адна з буйнейшых выставак Паўднёваафрыканскага рэгіёна. У 2019 годзе ў выстаўцы прымаюць удзел 435 кампаній з 15 дзяржаў. Нацыянальныя павільёны прадставілі Беларусь, Кенія, Мазамбік, Паўднёвая Афрыка, Японія, ЗША.