16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская экспазіцыя будзе прадстаўлена на міжнароднай выстаўцы металаапрацоўкі, станкоў, прамысловага інструменту, зварачнага і рэжучага абсталявання Mactech, якая пройдзе 10-13 снежня ў Каіры, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу МЗС Беларусі.
Арганізатарам калектыўнага стэнда выступае Нацыянальны цэнтр маркетынгу МЗС Беларусі сумесна з пасольствам Беларусі ў Егіпце.
"З улікам прыярытэтнасці прамысловай тэматыкі ў беларуска-егіпецкім супрацоўніцтве прадугледжваецца, што ўдзел у выстаўцы Mactech дасць магчымасць беларускім станкабудаўнікам і інструментальным прадпрыемствам сустрэцца з патэнцыяльнымі дылерамі і карыстальнікамі сваёй прадукцыі ў гэтым рэгіёне, устанавіць новыя дзелавыя кантакты з перспектывай выхаду на заключэнне кантрактаў", - адзначылі ў прэс-службе Нацыянальнага цэнтра маркетынгу.
Міжнародная выстаўка Mactech з'яўляецца пляцоўкай для азнаямлення вытворцаў краін рэгіёна з сусветнымі тэхналогіямі металаапрацоўкі, прамысловым інструментам і абсталяваннем. Тут праходзіць дэманстрацыя станкоў і інструментаў самага рознага профілю для апрацоўкі і фармоўкі металу: апрацоўчых, шліфавальных, паліравальных, свідравальных, ковачных і г.д. Удзел у выстаўцы штогод прымаюць больш за 250 кампаній і звыш 15 тыс. наведвальнікаў.