12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская экспазіцыя адкрылася на міжнароднай выстаўцы Meble Polska 2019 у Познані, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Нашу краіну на мэблевым форуме прадстаўляюць такія прадпрыемствы, як ПУП "Слонімдрэўмэбля", ААТ "Івацэвічдрэў", ТАА "Фабрыка Славянская сталіца", СТАА "ЗОЎ-Пліта" і іншыя. Як адзначылі ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу, калектыўны стэнд Беларусі прымае ўдзел у гэтай выстаўцы другі раз. Упершыню ён быў прадстаўлены ў 2018 годзе, тады выстаўка прыцягнула больш за 25 тыс. пакупнікоў мэблі з 59 краін, амаль кожны трэці наведвальнік прыбыў з-за мяжы.
Сярод удзельнікаў гэтага форуму - буйныя польскія вытворцы і экспарцёры мэблі, кампаніі з Украіны, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Славакіі, Харватыі, Германіі, Ірландыі, Італіі, Турцыі і Кітая.
Meble Polska 2019 мае статус адной з самых маштабных выставак мэблевай індустрыі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Яе плошча складае больш як 42 тыс. кв.м, экспазіцыі размяшчаюцца ў 11 выставачных залах. Мерапрыемства стала месцам сустрэчы прафесіяналаў мэблевай прамысловасці з усяго свету, якія ўспрымаюць Meble Polska як адзін з найбольш эфектыўных інструментаў прасоўвання мэблевай прадукцыі на рынак краін ЕС. Штогадовы рост цікавасці да мерапрыемства звязаны, у тым ліку, з палітыкай арганізатараў, нацэленай на актыўнае прыцягненне буйнейшых трэйдараў, якія прапануюць самыя вялікія бюджэты на закупкі.
Работа выстаўкі працягнецца з 12 па 15 сакавіка. Удзел беларускага калектыўнага стэнда ў гэтым мэблевым форуме арганізаваны Нацыянальным цэнтрам маркетынгу пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Польшчы.