1 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская асацыяцыя лёгкай прамысловасці і Расійскі саюз гарбароў і абутнікаў падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў час міжнароднай выстаўкі МОСШУЗ у Маскве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна "Беллегпрам".
Беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй "Беллегпрама" Таццянай Лугіной наведала ключавую падзею для рынку абутку і аксесуараў ва Усходняй Еўропе - выстаўку МОСШУЗ, якая праводзіцца з 1997 года. Удзельнікі - больш за 600 кампаній з 30 краін.
Кіраўнік "Беллегпрама" выступіла ў час круглага стала "Гарбарна-абутковая галіна ЕАЭС. Дасягненні. Перспектывы", дзе абмяркоўвалася ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва прадпрыемстваў гарбарна-абутковай галіны Еўразійскага эканамічнага саюза, прамысловы патэнцыял агульнага рынку. Асобна ўдзельнікі спыніліся на пытаннях абавязковай маркіроўкі тавараў: якія базавыя прынцыпы і перспектывы ўвядзення абавязковай маркіроўкі абутковай прадукцыі на тэрыторыі краін ЕАЭС, наколькі маркіроўка апраўдвае сябе як інструмент барацьбы з кантрафактам і незаконным абаротам прадукцыі.
"Вельмі важна, што сёння мы ўжо можам сустрэцца афлайн і абмеркаваць з усімі зацікаўленымі актуальны парадак дня гарбарна-абутковай галіны. Не сакрэт, што менавіта гэта сфера лёгкай прамысловасці істотна пацярпела ў выніку пандэміі. Сёння рынкі ажылі: мы бачым гэта ў тым ліку і на форуме. Прыемна, што нашы флагманы "Мінскае вытворчае гарбарнае аб'яднанне" і "Галантэя" прадстаўлены на выстаўцы ў якасці экспанентаў", - адзначыла Таццяна Лугіна.
Яна таксама агучыла першыя вынікі выстаўкі. Беларуская асацыяцыя лёгкай прамысловасці і Расійскі саюз гарбароў і абутнікаў падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, а прадстаўленыя на выстаўцы беларускія прадпрыемствы заключылі здзелкі на суму $3 млн.