12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Беларускай універсальнай таварнай біржы зарэгістравана першая здзелка па рэалізацыі сметанковага масла ў Сербію. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Аб'ём пробнай партыі склаў 20 т, а пакупніком выступіў сербскі імпарцёр прадуктаў харчавання, акрэдытаваны на БУТБ у лістападзе 2023 года. Да гэтага дзейнасць сербскіх кампаній на біржавых таргах абмяжоўвалася толькі закупкамі піламатэрыялаў. На БУТБ чакаюць, што пасля адпрацоўкі ўсёй схемы набыцця сметанковага масла праз біржавую пляцоўку пастаўкі гэтай прадукцыі на сербскі рынак стануць рэгулярнымі.
"Апошнія некалькі месяцаў характарызаваліся павышанай актыўнасцю замежных пакупнікоў на біржавых таргах малочнай прадукцыяй. У выніку ў кастрычніку-снежні на экспарт было рэалізавана больш як 4,4 тыс. т сметанковага масла і амаль 6 тыс. т сухога малака. Для параўнання, за ўвесь мінулы год агульны аб'ём біржавых продажаў па гэтых таварных пазіцыях склаў 660 т і 1,2 тыс. т адпаведна. Цяпер асноўным рынкам збыту айчыннай малочнай прадукцыі з'яўляецца Расія, аднак на працягу 2023 года таксама рэгістраваліся імпартныя здзелкі, заключаныя кампаніямі з Кітая і Польшчы. Цяпер гэты спіс дапоўніла Сербія", - расказалі ў прэс-службе БУТБ.
Па стане на 1 снежня 2023 года на БУТБ былі акрэдытаваны 6790 кампаній (нерэзідэнтаў Беларусі) з 70 краін, у тым ліку тры з Сербіі. Па выніках 11 месяцаў экспарт сельгаспрадукцыі праз біржавую пляцоўку вырас на 23 працэнты да аналагічнага перыяду 2022 года. У лік самых запатрабаваных таварных пазіцый за мяжой увайшлі сметанковае і рапсавае масла, цукар, цукровабурачныя жамерыны і мелес.