21 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-расійскі фонд венчурнага фінансавання плануецца стварыць у 2015 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы цяпер вядзём перагаворы з расійскай венчурнай кампаніяй па стварэнні ў Беларусі першага беларуска-расійскага венчурнага фонду. Плануецца, што да канца года ён ужо будзе працаваць", - адзначыў ён.
Сумесны венчурны фонд будзе створаны, каб распрацоўшчыкі маглі атрымаць інвестыцыі для рэалізацыі сваіх праектаў. Беларусь у гэтым сумесным праекце будзе прадстаўляць Беларускі інавацыйны фонд.
Паводле слоў Аляксандра Шуміліна, недахопу ў праектах, якія прэтэндуюць на атрыманне фінансавання, не будзе. "Сёння рэсурсы Беларускага інавацыйнага фонду - гэта ўсяго толькі
Br40 млрд, а колькасць заявак ужо ў 3-4 разы большая. У Беларусі вельмі шмат добрых праектаў, якія маглі б быць прафінансаваны", - растлумачыў старшыня ДКНТ."Стварэнне такога фонду - значны праект, паколькі вельмі важна, каб маладыя распрацоўшчыкі атрымалі магчымасць рэалізацыі сваіх ідэй і стварэння ўласнага бізнесу", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.