7 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства "Мідэа-Гарызонт" плануе ў 2015 годзе пачаць выпуск новай прадукцыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Мідэа-Гарызонт" Ю Баафэн.
"Прадпрыемства "Мідэа-Гарызонт" працуе над новым праектам па вытворчасці воданагравальнікаў, дыспенсераў, варачных панэлей. У 2015 годзе мы плануем пачаць выпуск новай прадукцыі", - растлумачыў ён.
Цяпер прадпрыемства выпускае толькі ЗВЧ-печы, яго праектная магутнасць - каля 1 млн вырабаў у год. "80 працэнтаў нашай прадукцыі ідзе на экспарт у краіны СНД, уключаючы Расію, Казахстан. Цяпер мы шукаем і іншыя рынкі збыту па-за СНД", - адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства.
Ю Баафэн падкрэсліў, што кіраўніцтва "Мідэа-Гарызонт" зацікаўлена ў тым, каб кампанія паспяхова развівалася, ствараліся новыя рабочыя месцы. "Мы мадэрнізуем і будзем мадэрнізаваць наша абсталяванне для паляпшэння эканамічных умоў, зніжэння спажывання энергіі, а таксама зніжэння адмоўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе", - растлумачыў ён.
Сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства "Мідэа-Гарызонт" створана ў 2007 годзе. ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Гарызонт" і Midea Group з'яўляюцца даўнімі стратэгічнымі партнёрамі. Для Midea Group мэтай стварэння сумеснага прадпрыемства з'яўляецца пашырэнне свайго бізнесу на рынкі краін СНД і іншыя закрытыя рынкі, а таксама вытворчасць большай колькасці відаў бытавой тэхнікі, такіх як пасудамыечныя машыны, электрапліты, чайнікі, воданагравальнікі, дыспенсеры, ачышчальнікі, варачныя панэлі, вентылятары. На прадпрыемстве працуе 150 чалавек, з якіх 4 работнікі з КНР.