27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Ташкенце 29-31 сакавіка пройдзе міжнародная выстаўка "Прадукты харчавання, інгрэдыенты і тэхналогіі вытворчасці - UzFood 2022". На ёй будзе прадстаўлены і нацыянальны стэнд Беларусі, паведамілі БЕЛТА на выставачным прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" БелГПП.
Экспазіцыі выстаўкі будуць прысвечаны такім тэмам, як "Мяса і птушка", "Малочная прадукцыя", "Кандытарскія вырабы", "Бакалея", "Напіткі", "Харчовыя інгрэдыенты", "Абсталяванне для харчовай прамысловасці", "Хлебапячэнне", "Упакоўка" і HoReCa.
На UzFood запланавана насычаная дзелавая праграма. У прыватнасці, 30 сакавіка пройдзе рытэйл-цэнтр - адзіная ва Узбекістане спецыялізаваная пляцоўка для сустрэч вытворцаў прадуктаў харчавання з закупшчыкамі, рытэйлерамі і дыстрыб'ютарамі. На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі буйнейшых гандлёвых сетак.
"Дадатковую магчымасць пошуку бізнес-партнёраў прадаставяць іншыя дзелавыя мерапрыемствы: B2B-перагаворы, семінары, канферэнцыі і майстар-класы. Напярэдадні выстаўкі, 28 сакавіка, адбудзецца прафесійны конкурс-дэгустацыя "Майстар якасці". Экспертная камісія ацэніць прадукты харчавання і напіткі, прадстаўленыя для дэгустацыі. Лепшыя канкурсанты атрымаюць залаты медаль з магчымасцю яго адлюстравання на ўпакоўцы тавару, а таксама дыпломы і ўпамінанне на афіцыйным сайце UzFood", - расказалі ў выставачнай кампаніі.
Паводле інфармацыі "Белінтэрэкспа", акрамя беларускіх вытворцаў удзел у выстаўцы UzFood пацвердзілі кампаніі яшчэ з 10 краін: Балгарыі, Германіі, Італіі, Кітая, ААЭ, Расіі, Саудаўскай Аравіі, Турцыі, Узбекістана і Францыі.
У 2021 годзе ў выстаўцы прынялі ўдзел 122 кампаніі з 21 краіны. Экспазіцыі і дзелавыя мерапрыемствы наведалі больш за 4 тыс. спецыялістаў з Ташкента, 13 абласцей Узбекістана і 12 краін: Беларусі, Афганістана, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Літвы, ААЭ, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Турцыі, Узбекістана і Украіны.
"Выставачныя мерапрыемствы ва Узбекістане вызначаюцца высокай эфектыўнасцю для беларускіх экспарцёраў. У мінулым годзе на выстаўцы UzProdExpo/UzAgroExpo ў Ташкенце кампаніі з Беларусі заключылі экспартныя пагадненні на суму $13,8 млн, а па выніках выстаўкі "ІНАПРАМ. Вялікі прамысловы тыдзень ва Узбекістане" - на $13 млн", - падкрэслілі ў "Белінтэрэкспа".
Выстаўка UzFood праходзіць пры афіцыйнай падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і Міністэрства інвестыцый і знешняга гандлю Узбекістана, Агенцтва па рэгуляванні алкагольнага і тытунёвага рынку і развіцці вінаробства, Гандлёва-прамысловай палаты Узбекістана. Арганізатар беларускай экспазіцыі на выстаўцы UzFood ва Узбекістане - выставачнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамыславай палаты, афіцыйны прадстаўнік выстаўкі UzFood у Беларусі.