7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ХХ Беларускі энергетычны і экалагічны форум пройдзе ў Мінску з 13 па 16 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення энергаэфектыўнасці Міністэрства энергетыкі Міхаіл Малашанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Міхаіла Малашанкі, у гэтым годзе Беларускі энергетычны і экалагічны форум будзе ўключаць міжнародную спецыялізаваную выстаўку "Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне" (EnergyExpo) і энергетычны і экалагічны кангрэс. Удзельнікаў форуму чакае насычаная дзелавая праграма, якая аб'ядноўвае 20 мерапрыемстваў. У час форуму таксама пройдуць мерапрыемствы 79-й Генеральнай асамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі.
Міністэрства энергетыкі ў час форуму разлічвае падпісаць некалькі пагадненняў аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі, у тым ліку ў сферы аднаўляльнай энергетыкі. "Размова ідзе аб буйных энергетычных кампаніях, у прыватнасці нямецкіх, а таксама структурах, якія аказваюць ІТ-паслугі энергетычным і прамысловым прадпрыемствам", - растлумачыў Міхаіл Малашанка.
Як чакаецца, на выстаўцы EnergyExpo будуць прадстаўлены амаль 300 арганізацый з 15 краін. Свае экспазіцыі будуць у арганізацый Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Швейцарыі, Італіі, Нідэрландаў, Фінляндыі, Кітая. Упершыню ў выстаўцы прымуць удзел 32 інавацыйныя кампаніі з Кітая. Замежныя экспаненты складаюць пятую частку ўсіх удзельнікаў. Наведвальнікі і ўдзельнікі выстаўкі змогуць азнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі ў сферы энергетыкі, экалогіі і энергазберажэння вядомых замежных кампаній Siemens, ABB, Caterpillar, "Таўрыда Электрык", Wilo, Filter, Bertsch.
У структуры экспазіцыі прадугледжаны галіновыя раздзелы Мінэнерга, Мінпрама, Мінпрыроды, Мінжылкамгаса, ДКНТ, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту. Напрыклад, Мінпрыроды прадставіць новую канцэпцыю ўстойлівага развіцця гарадоў і раёнаў.
Мэта Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму - дэманстрацыя сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі і тэхналогій у сферы энергетыкі, энергазберажэння, аўтаматызацыі, электронікі, аховы навакольнага асяроддзя, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі.