8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIV Беларускі энергетычны і экалагічны форум адкрываецца сёння на пляцоўцы Футбольнага манежа ў Мінску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Форум аб'ядноўвае міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра" (EnergyExpo’ 2019), Oil&Gas Technologies, "Атамэкспа-Беларусь", "ЭкспаСвятло", "Водныя і паветраныя тэхналогіі", "ЭкспаГорад".
Мэта форуму - прадэманстраваць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці і размеркавання электрычнай і цеплавой энергіі, аўтаматызаваныя сістэмы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі, аказаць садзейнічанне інавацыйнаму развіццю паліўна-энергетычнага комплексу краіны. На мерапрыемстве будуць прадстаўлены больш за 300 арганізацый з 16 краін.
У структуры экспазіцыі прадугледжаны галіновыя раздзелы Міністэрства энергетыкі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, канцэрна "Белнафтахім".
Дзелавая праграма форуму ўключае форумы, канферэнцыі, семінары, круглыя сталы, прэзентацыі кампаній - удзельнікаў выстаўкі, на якіх айчынныя і замежныя эксперты прадставяць сучасныя тэхналагічныя рашэнні ў галіне энергетыкі, нафтахіміі, энергазберажэння і экалогіі.
У час тэматычных мерапрыемстваў будзе разгледжаны міжнародны вопыт рэалізацыі стратэгіі ўстойлівага развіцця, пытанні грамадскага кантролю ў атамнай энергетыцы на прыкладзе Беларускай АЭС, вопыт і магчымасці для ўкаранення механізмаў энергасэрвісных кантрактаў, пытанні ўстойлівага абыходжання з адходамі, перспектывы комплекснай аптымізацыі энергетычнай сістэмы, лічбавая трансфармацыя электраэнергетыкі і іншыя тэмы.
Беларускі энергетычны і экалагічны форум будзе працаваць па 11 кастрычніка.