1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусбанк і Эксімбанк Славакіі плануюць пашыраць сферы супрацоўніцтва, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага банка.
У прэс-службе адзначылі, што шматбаковае дзелавое супрацоўніцтва ААТ "ААБ Беларусбанк" і Эксімбанка Славацкай Рэспублікі актыўна развіваецца як у крэдытна-фінансавай, так і ў страхавой сферах. Пра магчымасці далейшага ўмацавання дзелавых кантактаў ішла размова на сустрэчы кіраўніцтва Беларусбанка са славацкімі партнёрамі, якая адбылася на бягучым тыдні ў Мінску.
"Наш банк прадастаўляе ўвесь спектр фінансавых паслуг. Мы адкрыты для супрацоўніцтва і гатовы абмяркоўваць любыя ідэі і ініцыятывы, якія будуць карысны і прынясуць выгаду як Беларусі, так і Славакіі. Мы зацікаўлены ў дыверсіфікацыі бізнес-кантактаў", - падкрэсліў выконваючы абавязкі старшыні праўлення Беларусбанка Аляксандр Паліўка.
Паводле яго слоў, Беларусбанк зацікаўлены як у арганізацыі міжбанкаўскіх пазык пад страхавое пакрыццё Эксімбанка, так і ў непасрэдным фінансаванні з боку славацкіх партнёраў, у тым ліку і гандлёвага фінансавання.
Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы, па лініі малога і сярэдняга бізнесу і выказалі гатоўнасць вызначыць рэальныя праекты на бліжэйшую перспектыву.
"У цэлым вынікам шматгадовага плённага двухбаковага ўзаемадзеяння стала рэалізацыя 17 праектаў пад страхавое пакрыццё Эксімбанка Славакіі ў такіх сферах, як прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць на агульную суму 33 млн еўра", - падкрэслілі ў прэс-службе.