1 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь завяршыла чарговы выпуск еўрааблігацый на $600 млн на 12 гадоў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства фінансаў.
"Па выніках сустрэч кіраўніцтва фінансавых і эканамічных ведамстваў краіны з патэнцыяльнымі інвестарамі ў еўрааблігацыі Рэспублікі Беларусь у ЗША (Нью-Ёрк і Бостан) і Вялікабрытаніі (Лондан) 28 лютага 2018 года завершана размяшчэнне чарговага выпуску еўрааблігацый Беларусі", - праінфармавалі ў прэс-службе.
Выпуск аб'ёмам $600 млн на тэрмін 12 гадоў з купоннай стаўкай 6,20 працэнта гадавых размешчаны па цане 100,0 працэнта ад намінальнай вартасці.
"Міністэрства фінансаў станоўча ацэньвае вынікі размяшчэння: дзякуючы эфектыўнасці праводзімай урадам Беларусі макраэканамічнай палітыкі, росту ўпэўненасці эканамічнай супольнасці ў крэдытаздольнасці рэспублікі па выніках таргоў удалося размясціць дзяржаблігацыі па рэкордна нізкай стаўцы ў гісторыі прыцягненняў Беларусі на рынку еўрааблігацый - 6,20 працэнта гадавых", - падкрэслілі ў прэс-службе.
Пры гэтым аблігацыі размешчаны на працяглы тэрмін - 12 гадоў, які з'яўляецца найбольш камфортным з пункту гледжання графіка напружанасці плацяжоў па дзярждоўгу.
Пікавы аб'ём заявак на набыццё еўрааблігацый новага выпуску ад больш як 190 міжнародных інвестараў перавысіў $3 млрд, фінальная кніга склала $2,4 млрд.
У прэс-службе канстатавалі, што 52 працэнты новага выпуску набыта інвестарамі з ЗША, 30 працэнтаў - з Вялікабрытаніі, 17 працэнтаў - краін кантынентальнай Еўропы, 1 працэнт - з Азіі.
Аблігацыі размешчаны ў фармаце "144А/Reg S" і дапушчаны да лістынгу на Ірландскай фондавай біржы.
Банкамі-арганізатарамі і андэррайтэрамі эмісіі выступілі Citi і Raiffeisen Bank International AG. Банкам-суарганізатарам (без абавязацельстваў па андэррайтынгу) - ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь".
Юрыдычным кансультантам Беларусі па англійскім і амерыканскім праве выступіла кампанія White & Case LLP. Юрыдычныя паслугі банкам-арганізатарам аказвалі Clifford Chance LLP (кансультант па англійскім і амерыканскім праве), а таксама ТАА "Ягораў, Пугінскі, Афанасьеў і партнёры" (кансультант па беларускім праве).
Як паведамлялася, 15 лютага Беларусь пачала road show еўрабондаў у ЗША і Еўропе. У 2017 годзе Беларусь размясціла еўрааблігацыі ў аб'ёме $1,4 млрд. Еўрабонды былі размешчаны двума траншамі даходнасцю на ўзроўні 7,125 працэнта і 7,625 працэнта.