24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ва ўдзеле кітайскага бізнесу ў развіцці медыцынскага і фармацэўтычнага кластара ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч на цырымоніі адкрыцця выстаўкі медыцынскага абсталявання Кітая, якая праходзіла на пляцоўцы "Вялікага каменя", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
Намеснік міністра эканомікі асабліва падкрэсліла, што Беларусь - адзіная дзяржава ў рэгіёне, дзе заканадаўча замацаваны ўмовы для развіцця традыцыйнай кітайскай медыцыны. Краіна ўскладае сур'ёзныя надзеі на супрацоўніцтва з Кітаем па стратэгічным развіцці медыцынскага і фармацэўтычнага кластара. Аптымальныя ўмовы для гэтага створаны на тэрыторыі індустрыяльнага парку "Вялікі камень".
"Прапануем кітайскім партнёрам паглыбіць узаемадзеянне па сумесным тэхналагічным развіцці, больш актыўна ствараць вытворчасці ў медыцыне, фармацэўтыцы, біятэхналогіях, удзельнічаць у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў з выкарыстаннем інавацый у галіне аховы здароўя. На сёння ў парку ўжо налічваецца каля 20 рэзідэнтаў, якія рэалізуюць праекты ў гэтых сферах. Шчыра спадзяюся, што выстаўка дасць магчымасць не проста падвоіць гэту лічбу, але і прыўнесці новую энергію ў сумесныя ініцыятывы", - адзначыла Таццяна Бранцэвіч.