3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Японіяй у сферы нафтахіміі і машынабудавання, паведаміў сёння журналістам старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у час Беларуска-японскага бізнес-форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Патэнцыял супрацоўніцтва, які маюць Беларусь і Японія, трэба перавесці ў канкрэтныя праекты. Сёння трэба весці размову не толькі аб нарошчванні тавараабароту, але і аб пошуку буйных інвестыцыйных праектаў, прамысловых, высокатэхналагічных. Сёння наменклатура нашых паставак у Японію не вельмі вялікая - гэта ўгнаенні, піламатэрыялы, дазіметры, абсталяванне для хімічнага і фізічнага аналізу", - адзначыў Уладзімір Улаховіч. Ён назваў некалькі напрамкаў, па якіх неабходна развіваць супрацоўніцтва: "Гэта, вядома, нафтахімія, у тым ліку мадэрнізацыя нашых хімічных гігантаў з дапамогай партнёраў з Японіі, якія маюць і тэхналогіі, і фінансавыя рэсурсы. Яшчэ адзін напрамак - машынабудаванне. Аўтакампаненты - тэма, па якой мы маглі б працаваць. Гэтак жа ў ліку перспектыўных сфер - фармацэўтыка, новыя тэхналогіі, у тым ліку лазерныя, а таксама новыя матэрыялы. Акрамя таго, Японія маштабна імпартуе прадукты харчавання, і аб гэтым мы таксама можам гаварыць".
Прэзідэнт Японскай асацыяцыі па гандлі з Расіяй і новымі незалежнымі дзяржавамі Сігэру Мураяма звярнуў увагу на падабенства эканомік дзвюх краін. "Ёсць перспектывы для ўстанаўлення дзелавых кантактаў. Наша мэта - больш даведацца пра краіну і азнаёміць нашы вядучыя кампаніі з магчымасцямі работы ў Беларусі", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт асацыяцыі абазначыў, якія сферы цікавяць японскі бок. "Такіх напрамкаў шмат: пачынаючы ад прамысловасці ў цэлым - машынабудаванне, вытворчасць абсталявання, заканчваючы інфармацыйнымі тэхналогіямі і тэхналогіямі ў галіне штучнага інтэлекту. Мы ведаем, што ў Беларусі актыўна развіваюць сферу IT. Думаю, што ёсць магчымасць знайсці ўзаемны інтарэс у гэтай галіне", - адзначыў Сігэру Мураяма.
Японская асацыяцыя па гандлі з Расіяй і новымі незалежнымі дзяржавамі - адзіная ў Японіі арганізацыя, упаўнаважаная аказваць садзейнічанне развіццю эканамічных сувязей з краінамі СНД. У яе ўваходзяць каля 200 членаў, у тым ліку гандлёвыя, страхавыя кампаніі, прадпрыемствы розных галін прамысловасці, банкі, прамысловыя асацыяцыі, агенцтвы па перавозцы пасажыраў і грузаў, а таксама мясцовыя органы самакіравання.
Беларуска-японскі бізнес-форум праходзіць сёння ў Мінску. У ім удзельнічаюць прадстаўнікі беларускіх і японскіх арганізацый, што працуюць у розных сферах дзейнасці, сярод якіх прамысловая вытворчасць (авія- і суднабудаванне, чыгуначная вытворчасць, энергаўстаноўкі і абсталяванне, ачышчальныя збудаванні і перапрацоўка адходаў), фінансавыя і банкаўскія інстытуты, фармацэўтычная вытворчасць, сфера высокіх тэхналогій, оптаэлектроніка і лазерныя тэхналогіі, будаўніцтва і гарадская гаспадарка, гандаль прадуктамі тэкстыльнай, нафтавай, энергетычнай, аўтамабільнай прамысловасці, металамі.