13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў стварэнні сумеснага з Індыяй прадпрыемства па вытворчасці лякарстваў. Аб гэтым заявіў сёння старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч у час нарады па пытанні нарошчвання экспарту прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Бангладэш, Індыю, Непал і Шры-Ланку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Індыя мае магутную фармацэўтычную галіну. Мы сёння закупляем у іх вельмі шмат субстанцый для вытворчасці лякарстваў на беларускіх прадпрыемствах. Але трэба мець на ўвазе, што сама субстанцыя складае 60-65 працэнтаў ад кошту лякарства. Ёсць за што змагацца. Таму трэба паглядзець, як зацікавіць Індыю ў стварэнні сумеснага прадпрыемства па вытворчасці лякарстваў", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
У сваю чаргу генеральны дырэктар РУП "Белмедпрэпараты" Аляксандр Грыгор'еў адзначыў, што ў кастрычніку 2014 года яго прадпрыемства атрымала міжнародны сертыфікат, які дасць магчымасць пастаўляць прадукцыю на рынкі паўднёваазіяцкіх краін. "Для нашага прадпрыемства гэты рэгіён вельмі перспектыўны і неабходны рынак для развіцця экспарту. Мы спадзяёмся, што будзем цесна працаваць з гэтымі краінамі. Плануецца, што першыя пастаўкі будуць у Шры-Ланку. Аб'ём паставак можа быць некалькі мільёнаў долараў ЗША", - сказаў ён.
Раней Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Манодж Кумар Бхарці заяўляў, што індыйскія кампаніі гатовы ўкласці сродкі ў фармацэўтычную вытворчасць у Беларусі. Акрамя таго, Індыя запрашае беларускія кампаніі працаваць на індыйскім рынку і інвесціраваць сродкі ў розныя сектары эканомікі. У прыватнасці, на думку дыплама, цікавасць для беларускага боку могуць уяўляць праекты па будаўніцтве жылля ў Індыі, развіцці інфраструктуры, вытворчасці звязанай з гэтым прадукцыі.