Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

22 Сак 2016

Беларусь зацікаўлена ў развіцці прамысловай кааперацыі з Грузіяй

22 сакавіка, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў развіцці прамысловай кааперацыі з Грузіяй, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з грузінскім калегам Георгіем Квірыкашвілі ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прапануем прамысловую кааперацыю. Цяпер склаліся спрыяльныя ўмовы для больш высокага ўзроўню развіцця двухбаковых узаемаадносін. Адным са знакавых праектаў з'яўляецца стварэнне зборачнай вытворчасці беларускай трактарнай тэхнікі", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, Беларусь разлічвае, што рэалізацыя гэтага праекта будзе садзейнічаць забеспячэнню сельскагаспадарчых вытворцаў Грузіі новай высокапрадукцыйнай тэхнікай і паскарэнню мадэрнізацыі сельгасгаліны.

Таксама Беларусь гатова ўдзельнічаць у праграмах па абнаўленні парку ліфтавага абсталявання, што эксплуатуецца ў Грузіі. "Разлічваем, што ўрад Грузіі выкажа зацікаўленасць у рэалізацыі сумеснага праекта па арганізацыі зборачнай вытворчасці, якую цяпер рэалізуе ААТ "Магілёўліфтмаш", у тым ліку ў размяшчэнні буйнога заказу", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусь разглядае Грузію як перспектыўнага гандлёва-эканамічнага партнёра ў Каўказскім рэгіёне. "Паміж нашымі краінамі і народамі традыцыйна склаўся высокі ўзровень узаемаадносін, узаемаразумення, дружбы і даверу", - дадаў ён.

У мінулым годзе краіны змаглі істотна актывізаваць двухбаковыя адносіны як у палітычнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферах. Сур'ёзны імпульс гэтаму працэсу надаў візіт Прэзідэнта Беларусі ў Тбілісі і Батумі, які адбыўся ў красавіку 2015 года. "Спадзяюся, што сумеснымі намаганнямі мы рэалізуем пастаўленыя задачы, у тым ліку па дасягненні ўзроўню ўзаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн у бліжэйшыя год-два", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён выказаў упэўненасць, што яшчэ адным сур'ёзным імпульсам для павелічэння тавараабароту стане адкрыццё беларускага дыппрадстаўніцтва ў Грузіі. "Адпаведнае рашэнне ўрадам Беларусі прынята", - запэўніў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе гандлёвы абарот паміж краінамі склаў каля $45 млн. "Вядома, аб'ём не вельмі вялікі, тым не менш, станоўчым з'яўляецца тое, што нам удалося дабіцца збалансаванасці нашага гандлю: экспарт і імпарт адпавядаюць адзін аднаму. Гэта сведчыць аб тым, што мы - партнёры, якія аднолькава сур'ёзна маюць патрэбу адзін у адным", - канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі